адна з гал. глыбінных структур зямной кары, якая характарызуецца адносна малой інтэнсіўнасцю тэктанічных рухаў, магматызму і плоскім рэльефам. Проціпастаўляецца высокарухомым паясам — геасінкліналям, арагенным эпіплатформавым, сярэдзінна-акіянічным хрыбтам. П. звычайна ізаметрычныя, вуглаватыя, мяжуюць са складкавымі і горнымі абласцямі па вял. разломах (краявых швах) ці па краявых прагінах, месцамі з акіянічнымі абласцямі. Плошча ад соцень да некалькіх тысяч квадратных кіламетраў. Мае 2-ярусную будову: складкавы крышт. фундамент (гл.Фундамент платформавы крышталічны) і слабапарушаны платформавы чахол. Паводле ўзросту фундамента П. падзяляюцца на стараж. (кратоны, з дакембрыйскім фундаментам) і маладыя з палеазойскім і раннемезазойскім фундаментам). Большасць вял.стараж. П. (Усх.-Еўрапейская, Афрыканская, Аўстралійская, Антарктычная, Паўн.-Амерыканская, Бразільская) утвараюць ядры мацерыкоў (акрамя Азіі, у складзе якой вядомы 4 П.). Маладыя П. (Цэнтральна-Еўраазіяцкая, Зах.-Еўрапейская, Іберыйская і інш.) адрозніваюцца ад стараж. адносна большай рухомасцю, структурным планам, тыпам структур і інш. У структуры П. вылучаюць пліты, шчыты, сінеклізы, антэклізы, прагіны, масівы, скляпенні, валы і інш. На дне акіянаў вылучаны П. акіянічныя, адпаведныя глыбокім катлавінам з пакатахвалістым дном, малой магутнасцю зямной кары (5—7 км) і адсутнасцю ў фундаменце «гранітнага слоя». Тэр. Беларусі размешчана ў зах.ч.Усх.-Еўрапейскай П.
верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.
род папарацей сям. мнаганожкавых. 17 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях культывуюць П. двойчывілаваты, або аленярогі (P.bifurcatum).
Шматгадовыя буйныя эпіфітныя расліны. Замацоўваюцца на вял. галінах, часцей на кары ствалоў буйных вечназялёных і лістападных дрэў, што стаяць паасобку. У папярочніку дасягаюць 1,8 м, пад іх цяжарам дрэвы часам выварочваюцца з каранямі. Маюць стэрыльнае і спараноснае лісце. З дапамогай стэрыльнага лісця П. ўкараняюцца на дрэвах (ніжняя і бакавыя ч. ліста шчыльна прыціскаюцца да ствала ці галіны, а верхняя адыходзіць ад апоры так, што ўтвараецца ніша, у якой з цягам часу збіраецца перагной (масай да 100 кг) пранізаны каранямі эпіфіту. Спараноснае (і асімілюючае) лісце глыбока рассечана і нагадвае рогі аленя (адсюль назва). У сталых папарацей ніжняя паверхня разгалінаваных канцоў ліста пакрываецца цагельна-чырв. налётам шматлікіх спарангіяў. Дэкар. расліны.
старажытнагрэчаскі горад у Паўд. Беотыі на мяжы з Атыкай. Каля П. ў час грэка-персідскіх войнаў 26.9.479 да н.э. адбылася бітва паміж войскамі 24 грэч. гарадоў-дзяржаў на чале з Афінамі і Спартай пад камандаваннем спартанскага палкаводца Паўсанія і перс. арміяй пад камандаваннем Мардонія. Персы пацярпелі паражэнне і адышлі з Грэцыі да Гелеспонта. У 431 да н.э. фіванцы, саюзныя спартанцам, раптоўным нападам на П. пачалі Пелапанескую вайну 431—404 да н.э., у 427 да н.э. пасля працяглай аблогі яны разбурылі горад.
рака на Украіне і ў Лельчыцкім р-не (ніжняе цячэнне) Гомельскай вобл., правы прыток р. Сцвіга (бас.р. Прыпяць). Даўж. 45 км, у т. л. на Беларусі 14 км. Пл. вадазбору 326 км², у т. л. на Беларусі 68 км². Пачынаецца за 4 км на ПнЗ ад в. Юрове Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., цячэ па Жытомірскім Палессі, на Беларусі па нізіне Прыпяцкае Палессе. Вусце за 5 км на ПнЗ ад в. Дзяржынск. Рэчышча ў верхнім цячэнні слабазвілістае, на астатнім працягу каналізаванае.
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лужасянка, за 26 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,12 км², даўж. 2,7 км, найб.шыр. 680 м, найб.глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 7 км. Пл. вадазбору 10,2 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы вышынёй 5—7 м (на З і У месцамі да 10 м), у ніжняй ч. стромкія, пад хмызняком, вышэй разараныя, на невял. участку на З парослыя лесам. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ПнУ і ПнЗ нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Дно да глыб. 2,5 м пясчанае, да 4,5—5 м выслана апясчаненымі адкладамі, ніжэй — ілам. Мінералізацыя вады 135—160 мг/л, празрыстасць 1,9 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Слабапраточнае: упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Арлейка.
1) перапрацоўка матэрыялаў (руд, металаў і інш.) у плавільных печах з атрыманнем канчатковага прадукту ў вадкім стане. Выкарыстоўваюць для атрымання металаў з руд, выплаўлення зліткаў і фасоннага ліцця.
2) Асобны аднаразовы цыкл металургічнага працэсу, а таксама прадукт такога цыкла.
пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл.Агрэгатныя станы рэчыва); адзін з фазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл.Плаўка).
П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл.Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.
возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на У ад г. Докшыцы. У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 4 км², даўж. 3,45 км, найб.шыр. 1,75 км, найб.глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км. Пл. вадазбору 186 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя, забалочаныя, пад лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае. Востраў пл. 0,07 км², ёсць сплавінныя астравы. Мінералізацыя вады каля 120 мг/л, празрыстасць да дна. Дыстрофнае. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Рака Сергуч злучае П. з азёрамі Манец і Вольшыца.