ПЛАЎ,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка, за 26 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,12 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 680 м, найб. глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 7 км. Пл. вадазбору 10,2 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы вышынёй 5—7 м (на З і У месцамі да 10 м), у ніжняй ч. стромкія, пад хмызняком, вышэй разараныя, на невял. участку на З парослыя лесам. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ПнУ і ПнЗ нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Дно да глыб. 2,5 м пясчанае, да 4,5—5 м выслана апясчаненымі адкладамі, ніжэй — ілам. Мінералізацыя вады 135—160 мг/л, празрыстасць 1,9 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Слабапраточнае: упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Арлейка.
т. 12, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)