Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАНДЗІ́БУЛЫ (лац. mandibula сківіца ад mando жую, грызу),

жвалы, верхнія сківіцы, першая пара сківіц, відазмененыя галаўныя канечнасці ў членістаногіх (ракападобныя, мнаганожкі, насякомыя). Найчасцей маюць выгляд вышчарбленых пласцінак. У форм з грызучым ротавым апаратам забяспечаны патаўшчэннямі і зубцамі, што дапамагае разгрызаць і раздрабняць корм. У форм з колюча-сысучым апаратам забяспечваюць праколванне здабычы і ўсмоктванне вадкага корму. У форм з грызуча-ліжучым апаратам (пчолы) маюць выгляд шыпікаў; у матылёў рэдукаваныя.

т. 10, с. 76

МАНДЗО́НІ ((Manzoni) Алесандра) (7.3. 1785, г. Мілан, Італія — 22.5.1873),

італьянскі пісьменнік; тэарэтык рамантызму. Першыя творы напісаны ў духу класіцызму (паэма «Трыумф свабоды», 1801; ода «На смерць Карла Імбанаці», 1806). Уплыў каталіцызму выявіўся ў цыкле «Свяшчэнныя гімны» (1812—22, апубл. ў 1815 і 1823). У 1820-я г. перайшоў на пазіцыі рамантызму (эстэт. праца «Пра рамантызм», 1823, і інш.). Оды «Сакавік 1821 г.», «Пятага мая» (абедзве 1821), гіст. трагедыі «Адэльгіз» (паст. 1822) і «Граф Карманьёла» (паст. 1828) прасякнуты патрыят. матывамі, ідэямі Рысарджымента. У гіст. рамане «Заручаныя» (ч. 1—3, 1821—23) спалучэнне рамантызму з рэаліст. адлюстраваннем жыцця італьян. правінцыі 17 ст. Аўтар эстэт., філас., тэарэтыка-літ. прац.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1978;

Обрученные. М., 1984;

У кн.: Романтизм глазами итальянских писателей. М., 1984.

Г.​М.​Малей.

т. 10, с. 76

МАНДРЫ́ЛЫ (Mandrillus),

род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 2 віды: мандрыл (M. sphinx) і дрыл (M. leucophaeus). Некат. сістэматыкі ўключаюць М. у род павіянаў. Пашыраны ў лясах і гарыстых раёнах Экватарыяльнай Афрыкі. Трымаюцца групамі, пераважна на зямлі; кормяцца і спяць на дрэвах.

Самыя буйныя з мартышкавых. Даўж. больш за 1 м, маса больш за 40 кг, даўж. хваста да 12 см. Самцы ярка афарбаваны: па баках рыжа-чырв. носа мазолістыя грабяні з падоўжанымі жалабкамі сіняга і чырв. колеру; бакенбарды і барада жоўтыя. валасы на галаве ярка-каштанавыя. Сядалішчныя мазалі чырв., сінія або фіялетавыя. Самкі цёмныя. Галава вял., тваравы аддзел шырокі, выступае наперад. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія, першы палец на ступні вялікі. Мускулатура развітая. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Вядомы гібрыды паміж мандрылам і дрылам, а таксама паміж імі і макакамі, мангабеямі, павіянамі.

Э.​Р.​Самусенка.

Мандрыл.

т. 10, с. 77

МАНДЭ́ЛА ((Mandela) Нельсан Раліхлахла) (н. 18.7.1918, г. Умтата, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў ун-т Вітватэрсранда (1942). Юрыст. Чл. Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК) з 1944. Узначаліў крыло партыі, якое схілялася да ўзбр. барацьбы супраць рэжыму апартэіду, адзін з заснавальнікаў ваен. арг-цыі АНК. У 1956—61 зняволены ў турме, у 1962 засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пад націскам сусв. грамадскасці вызвалены ў лют. 1990. З сак. 1990 нам., у 1991—97 прэзідэнт АНК. У жн. 1990 афіцыйна адмовіўся ад узбр. барацьбы. Удзельнік перагавораў з урадам ПАР, у выніку якіх выпрацавана канстытуцыя, што паклала канец апартэіду. Прэзідэнт ПАР у 1994—99. Аўтар кніг «Нялёгкі шлях да свабоды» (1965), «Барацьба — маё жыццё» (1978), «Я гатовы памерці» (1979). Нобелеўская прэмія міру 1993 (разам з Ф.В. дэ Клеркам).

Тв.:

Рус. пер. — Нет легкого пути к свободе: Ст., речи, выступления на суде. М., 1968.

т. 10, с. 77

МАНДЭЛЬШТА́М (Восіп Эмілевіч) (15. 1.1891, Варшава — 27.2.1938),

расійскі паэт. Вучыўся ў Сарбоне (1907—08), Гайдэльбергскім (1909—10) і Пецярбургскім (1911—17) ун-тах. Друкаваўся з 1907. У ранніх вершах уплыў паэзіі сімвалістаў. З 1912 адзін са стваральнікаў акмеізму (арт.-маніфест «Раніца акмеізму», 1913. апубл. 1919). Вершы гэтага перыяду (зб. «Камень», 1913) адзначаны канкрэтна-рэчавым успрыняццем свету, культ.-гіст. вобразамі і матывамі, імкненнем да дакладна вывераных «архітэктурных» форм. У зб. «Tristia» («кнізе смуткаў», 1922; пад назв. «Другая кніга», 1923) захапленне сярэднявеччам, готыкай змяняецца зваротам да культуры Грэцыі і Рыма; у вершах на інш. тэмы — прынцып асацыятыўнасці вобразнай сістэмы, узнікненне зашыфраванага сэнсу. Вершам 1920—30-х г. (зб. «Вершы», 1928; цыклы «Арменія», 1931; «Варонежскія сшыткі», апубл. 1966) уласцівы трагічнае гучанне, роздум пра адказнасць паэта перад часам, адкрытасць аўтарскага голасу. Кніга аўтабіягр. апавяданняў «Шум часу» (1925) і аповесць «Егіпецкая марка» (1928) пра духоўны крызіс інтэлігента. Аўтар зб. артыкулаў «Пра паэзію» (1928), нарысаў «Падарожжа ў Арменію» (1933), літ.-крытычнага эсэ «Размова пра Дантэ» (1933, апубл. 1967), гісторыка-культ. эсэ, вершаў для дзяцей і інш. Пераклаў асобныя творы Ф.​Петраркі, А.​Барб’е, В.​Скота і інш. У 1934 арыштаваны. сасланы на 3 гады ў Варонеж, у маі 1938 арыштаваны зноў, загінуў у перасыльным лагеры. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. СПб., 1995;

Собр. соч. Т. 1-4. М., 1993—97;

Об искусстве. М., 1995;

Автопортрет: Стихотворения 1908—1937 гг.;

Заметки о поэзии. М., 1996.

Літ.:

Мандельштам Н.Я. Воспоминания. М., 1989;

Яе ж. Вторая книга. М., 1990;

Мандельштам и античность. М., 1995;

Осип Мандельштам и его время. М., 1995;

Лотман М.Ю. Мандельштам и Пастернак;

(Попытка контрастивной поэтики). [Тарту, 1996].

С.​Ф.​Кузьміна.

В.Э.Мандэльштам.

т. 10, с. 77

МАНДЭЛЬШТА́М (Леанід Ісаакавіч) (4.5.1879, г. Магілёў — 27.11.1944),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы. Акад. АН СССР (1929; чл.-кар. з 1928). Скончыў Страсбургскі ун-т (1902), дзе працаваў (з 1913 праф.). У 1918—22 у Адэскім політэхн. ін-це, з 1925 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1934 у Фіз. ін-це АН СССР. Навук. працы па оптыцы, радыёфізіцы, квантавай механіцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Разам з Р.С.Ландсбергам (незалежна ад інд. фізікаў Ч.Рамана і К.​С.​Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Сумесна з М.​Дз.​Папалексі стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей, што знайшло выкарыстанне ў геадэзіі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і лекцыйных курсаў па фізіцы. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1931. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Полн. собр. трудов. Т. 1—5. М., 1947—55;

Лекции по теории колебаний. М., 1972;

Лекции по оптике, теории относительности и квантовой механике. М., 1972.

Літ.:

Академик Л.​И.​Мандельштам: К 100-летию со дня рождения. М., 1979;

Ливанова А.М., Ливанов В.А. «Вторая степень понимания»: Акад. Л.​И.​Мандельштам. М., 1988.

А.​І.​Болсун.

Л.І.Мандэльштам.

т. 10, с. 77

МА́НДЭР ((Mander) Карэл ван) (май 1548, Мёлебеке, каля г. Кортрэйк, Бельгія — 2.9.1606),

нідэрландскі пісьменнік, жывапісец, гісторык і тэарэтык мастацтва. У 1573—77 жыў у Рыме. З 1583 у Харлеме, дзе заснаваў (разам з Х.​Голцыусам і Карнелісам ван Харлемам) першую ў Нідэрландах маст. «акадэмію», потым у Амстэрдаме. Аўтар маралітэ на біблейскія тэмы, зб. вершаў «Свяшчэнныя песенькі» (1595), «Залатая арфа, або Ігра на струнах сэрца» (1599), «Нідэрландскі Гелікон» (1610), збор жыццеапісанняў нідэрл. і ням. мастакоў 15—16 ст. «Кніга пра мастакоў» (1603—04) — аднаго з найб. літ. помнікаў нідэрл. гуманізму. Як тэарэтык і жывапісец-практык (міфал. і жанравыя кампазіцыі) прымыкаў да маньерызму.

т. 10, с. 77

МАНЕ́ВІЧ (Леў Яфімавіч) (20.8.1898, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 11.5.1945),

ваенны разведчык, Герой Сав. Саюза (1965), камбрыг (1938). Скончыў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА (1921), Ваен. акадэмію РСЧА (1924), вучыўся ў Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Перад 2-й сусв. вайной у некат. краінах Еўропы быў вядомы як камерсант, уладальнік камерцыйных фірм; на самай справе вёў разведку (псеўд. Эцьен, Конрад Кертнер, Старасцін). У канцы 1936 арыштаваны і італьян. асобым трыбуналам асуджаны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у турмах і канцлагерах. У 1943 перададзены гітлераўцам, прайшоў канцлагеры Маўтхаўзен, Мельк, Эбензе. Адзін з арганізатараў падполля, кіраўнік падп. арг-цыі ў канцлагеры Эбензе (Аўстрыя). Вызвалены 6.5.1945 амер. войскамі безнадзейна хворы.

Літ.:

Воробьев Е.З. Земля, до востребования. М., 1974.

Л.Я.Маневіч.

т. 10, с. 77

МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.​Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.​Л.​Карбанье, паводле праекта А.​Бетанкура, арх. В.​І.​Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».

2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна з сінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт. к-та Узбр. сіл Беларусі (1976; цяпер Мінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).

3) М. цыркавы, гл. Арэна.

4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».

т. 10, с. 78

МАНЕКЕ́Н (франц. mannequin ад галанд. mannekijn чалавек),

1) фігура ў выглядзе тулава чалавека, якая служыць для прымеркі і паказу адзення, напр., у атэлье.

2) Лялька з рухомымі рукамі і нагамі, якая выкарыстоўваецца мастакамі для зарысоўкі розных поз чалавека, адзення і інш.

т. 10, с. 78