МАНДЭЛЬШТА́М (Леанід Ісаакавіч) (4.5.1879, г. Магілёў — 27.11.1944),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. з 1928). Скончыў Страсбургскі ун-т (1902), дзе працаваў (з 1913 праф.). У 1918—22 у Адэскім політэхн. ін-це, з 1925 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1934 у Фіз. ін-це АНСССР. Навук. працы па оптыцы, радыёфізіцы, квантавай механіцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Разам з Р.С.Ландсбергам (незалежна ад інд. фізікаў Ч.Рамана і К.С.Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Сумесна з М.Дз.Папалексі стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей, што знайшло выкарыстанне ў геадэзіі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і лекцыйных курсаў па фізіцы. Прэмія імя У.І.Леніна 1931. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Полн. собр. трудов. Т. 1—5. М., 1947—55;
Лекции по теории колебаний. М., 1972;
Лекции по оптике, теории относительности и квантовой механике. М., 1972.
Літ.:
Академик Л.И.Мандельштам: К 100-летию со дня рождения. М., 1979;
Ливанова А.М., Ливанов В.А. «Вторая степень понимания»: Акад. Л.И.Мандельштам. М., 1988.