МА́НДЭР ((Mander) Карэл ван) (май 1548, Мёлебеке, каля г. Кортрэйк, Бельгія — 2.9.1606),
нідэрландскі пісьменнік, жывапісец, гісторык і тэарэтык мастацтва. У 1573—77 жыў у Рыме. З 1583 у Харлеме, дзе заснаваў (разам з Х.Голцыусам і Карнелісам ван Харлемам) першую ў Нідэрландах маст. «акадэмію», потым у Амстэрдаме. Аўтар маралітэ на біблейскія тэмы, зб. вершаў «Свяшчэнныя песенькі» (1595), «Залатая арфа, або Ігра на струнах сэрца» (1599), «Нідэрландскі Гелікон» (1610), збор жыццеапісанняў нідэрл. і ням. мастакоў 15—16 ст. «Кніга пра мастакоў» (1603—04) — аднаго з найб. літ. помнікаў нідэрл. гуманізму. Як тэарэтык і жывапісец-практык (міфал. і жанравыя кампазіцыі) прымыкаў да маньерызму.
т. 10, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)