Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТА́ЙМАНАВА,

вёска ў Навабыхаўскім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Быхаў—Рагачоў. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад горада і чыг. ст. Быхаў, 56 км ад Магілёва. 538 ж., 212 двароў (2002). Базавая школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Тайманава.

т. 15, с. 388

ТА́ЙМАНАВА,

комплекс археал. помнікаў каля в. Тайманава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Адкрыў і даследаваў у 1967—83 Л.​Д.​Побаль. На стаянцы позняга мезаліту (6-е тыс. да н.э.) знойдзены наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, праколкі, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы постсвідэрскай культуры. На лакалізаваным на гэтай тэрыторыі селішчы позняга этапу зарубінецкай культуры і банцараўскай культуры (2—8 ст. н.э.) выяўлены рэшткі 51 паўзямлянкавага жытла, ямы ад наземных і паглыбленых у мацярык жытлаў і ад розных гасп. і вытв. пабудоў. Знойдзены жал. наральнік, сярпы. нажы, шылы, зерняцёркі, верхні камень ад жорнаў, гліняныя тыглі, бронзавыя вырабы, рымскія бронзавыя і жал. фібулы, рымскія пацеркі. Керамічныя знаходкі прадстаўлены прасліцамі, грузікамі, грубаляпнымі пасудзінамі з расчосамі, ганчарнай керамікай 10—13 ст. У комплекс уваходзяць таксама яшчэ 2 селішчы, бескурганны і курганны могільнікі.

Л.​Д.​Побаль.

т. 15, с. 388

ТАЙМЕ́НІ (Hucho),

род рыб сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. 4 віды Т.: дунайскі ласось (H. hucho), звычайны (H. taimen), карэйскі (H. ishikawai) і сахалінскі, або чавіца (H. penyi). Жывуць у рэках і азёрах Еўразіі (ад бас. Дуная да Карэі і Сахаліна). Сахалінскі Т. адзіны прахадны від.

Даўж. да 1,5 м, маса да 60 кг. На целе Х-падобныя і паўмесяцавыя цёмныя плямкі. Зубы на сашніку ўтвараюць з паднябеннымі зубамі суцэльную дугападобную паласу (характэрная прыкмета). Галава сціснута з бакоў і нагадвае шчупаковую. У час нерасту цела становіцца чырванаватае. Кормяцца дробнай рыбай. Аб’екты промыслу.

Таймені: 1 — дунайскі, або ласось дунайскі; 2 — звычайны.

т. 15, с. 388

ТА́ЙМЕР (англ. timer ад time час; адзначаць час),

лічыльнік часу, які выдае сігнал праз зададзены прамежак часу. Выкарыстоўваецца як прылада, якая ўключае (выключае) машыну ці інш. апарат прамысл. або быт. прызначэння пасля сканчэння зададзенага прамежку часу.

т. 15, с. 388

ТАЙМЫ́Р, Таймырскае возера,

у Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе, у Расіі, на У п-ва Таймыр, у гарах Быранга. Пл. зменьваецца ад 4,5 тыс. км² у разводдзе да 1,2 тыс. км² зімой. Даўж. 200 км, шыр. ад некалькіх кіламетраў да 80 км, глыб. да 25,2 м. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне, апрацаванай ледавіком. Берагі парэзаны мелкаводнымі залівамі і бухтамі. Паўн. бераг стромкі, паўд. — пакаты. У зах. ч. некалькі камяністых астравоў. Упадае р. Верхняя Таймырам выцякае р. Ніжняя Таймыра. Т. свабодны ад лёду 64 дні (сярэдзіна ліп.—сярэдзіна вер.) за год. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 6 м. Рыбалоўства.

т. 15, с. 388

ТАЙМЫ́Р,

востраў у Карскім м., у Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе, у Расіі, каля ўзбярэжжа п-ва Таймыр. Пл. 350 км², даўж. каля 37 км, шыр. каля 19 км, выш. да 235 м. Складзены пераважна з пясчанікаў і сланцаў. Арктычная тундра. Адкрыты і названы ў 1878 экспедыцыяй Н.А.Э.Нордэншэльда.

т. 15, с. 388

ТАЙМЫ́Р, Таймырскі паўвостраў. На Пн азіяцкай ч. Расіі, у Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе, паміж Енісейскім зал. Карскага м. і Хатангскім зал. мора Лапцевых. Крайні паўн. пункт Т. — мыс Чэлюскін, паўд. мяжа — паўн. ўступ Сярэднесібірскага пласкагор’я. Пл. каля 400 тыс. км², даўж. каля 1000 км, шыр. больш за 500 км. Берагі пераважна нізкія, моцна парэзаныя. У цэнтр. ч. — горы Быранга (выш. да 1146 м), якія працягваюцца з ПнЗ на ПдУ. Паўн.-Таймырская і Паўн.-Сібірская нізіны. Радовішчы кам. вугалю. Клімат суровы. арктычны. Ападкаў 115—230 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Найб. рэкі: Пясіна, Верхняя і Ніжняя Таймыра, Хатанга. Шмат азёр, найб. Таймыр. На Пн арктычныя і высакагорныя пустыні і паўпустыні, у сярэдняй ч. тундра, на крайнім Пд лесатундра. У складзе жывёльнага свету: заяц-бяляк, пясец, ліс, воўк, паўн. алень, белы мядзведзь; у моры — бялуха, нерпа, морж; летам шмат птушак.

т. 15, с. 388

ТАЙМЫ́РСКАЯ НІЗІ́НА,

гл. Паўночна-Сібірская нізіна.

т. 15, с. 389

ТАЙМЫ́РСКАЯ (ДАЎГА́НА-НЕ́НЕЦКАЯ) АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.

Размешчана на Крайняй Поўначы Усх. Сібіры ў Краснаярскім краі Рас. Федэрацыі. Уключае архіпелагі Паўн. Зямля, Нордэншэльда і інш., абмываецца морамі Лапцевых і Карскім. Пл. 862,1 тыс. км². Нас. 44 тыс. чал. (2000), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Дудзінка. На тэр. акругі горад краявога падпарадкавання Нарыльск і падпарадкаваныя Нарыльскай гар. адміністрацыі гарады Талнах і Каеркан. Гл. карту да арт. Краснаярскі край.

Займае п-аў Таймыр, паўн. ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я з плато Путарана (выш. да 1629 м) і размешчаную паміж імі Паўн.-Сібірскую нізіну. На ПдЗ, на левабярэжжы р. Енісей — ч. Зах.-Сібірскай раўніны. Карысныя выкапні: медна-нікелевыя і спадарожныя руды (малібдэн, кобальт, вальфрам), каменны вугаль, прыродны газ, нафта, кухонная соль. Клімат арктычны і субарктычны. Сярэдняя т-ра студз. -32 °C, ліп. 2—13 °C. Ападкаў каля 250 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Енісей, Пясіна, Хатанга, Верхняя і Ніжняя Таймыра. Шмат азёр (Таймыр, Лама, Пясіна, Хантайскае) і балот. Пераважаюць тыповыя тундравыя і тарфяна-глеевыя глебы. Арктычная мохава-лішайнікавая і хмызнячковая тундра зменьваецца на Пд лесатундрай з рэдкастойнымі лістоўнічнымі лясамі і хмызнякамі. Путаранскі і Таймырскі запаведнікі.

Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (каменны вугаль, газ) і рыбная (рыбазаводы ў Дудзінцы, Дыксане, Хатанзе). Усць-Хантайская ГЭС. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на аленегадоўлі. Нязначна развіты мяса-малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пушны промысел і зверагадоўля (блакітны пясец і серабрыста-чорны ліс). Цяплічная гаспадарка. Суднаходства па рэках Енісей (у межах акругі даступна марскім суднам), Хатанга, Паўночным марскім шляху. Гал. парты: Дудзінка, Дыксан, Хатанга. Чыгунка Дудзінка—Нарыльск—Талнах. Аэрапорты: Алыкель (за 40 км на З ад Нарыльска), Дыксан, Хатанга. Газаправод Месаяха—Дудзінка—Нарыльск. Мясц. перавозкі на аленях і сабаках.

Да арт. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга. На Таймыры.

т. 15, с. 388

ТАЙМЫ́РСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) нац. акрузе (Расія),

на правабярэжжы р. Таймыр. Пл. 1781,9 тыс. га. Засн. ў 1979. Пакатахвалістая раўніна з узгорыста-градавымі ўчасткамі, на ПнУ адгор’і гор Быранга (выш. да 567 м). Арктычныя і субарктычныя тундры, у адгор’і Быранга ўчасткі арктычных пустынь. На тэр.

Т.з. самыя паўн. ўчасткі лясных масіваў даурскай лістоўніцы. У фауне 16 відаў млекакормячых (заяц-бяляк, воўк, пясец, гарнастай, паўн. алень і інш.), з іх у Чырв. кнізе Расіі белы мядзведзь і морж лапеўскі; 85 відаў птушак (зімнік, сава белая, курапатка белая і тундраная, гусь-гуменнік, гага, гагара тундраная, кулікі, чайкі і інш.), з іх у Чырв. кнізе лебедзь малы, арлан-белахвост, беркут, крэчат, сапсан, казарка чорная, гагара чырвонаваллёвая. У іхтыяфауне больш за 20 відаў, у т. л. сіговыя, ласасёвыя, харыусавыя.

т. 15, с. 389