ТАЙМЕ́НІ (Hucho),

род рыб сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. 4 віды Т.: дунайскі ласось (H. hucho), звычайны (H. taimen), карэйскі (H. ishikawai) і сахалінскі, або чавіца (H. penyi). Жывуць у рэках і азёрах Еўразіі (ад бас. Дуная да Карэі і Сахаліна). Сахалінскі Т. адзіны прахадны від.

Даўж. да 1,5 м, маса да 60 кг. На целе Х-падобныя і паўмесяцавыя цёмныя плямкі. Зубы на сашніку ўтвараюць з паднябеннымі зубамі суцэльную дугападобную паласу (характэрная прыкмета). Галава сціснута з бакоў і нагадвае шчупаковую. У час нерасту цела становіцца чырванаватае. Кормяцца дробнай рыбай. Аб’екты промыслу.

Таймені: 1 — дунайскі, або ласось дунайскі; 2 — звычайны.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)