ТАЙМЫ́Р, Таймырскі паўвостраў. На Пн азіяцкай ч. Расіі, у Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе, паміж Енісейскім зал. Карскага м. і Хатангскім зал. мора Лапцевых. Крайні паўн. пункт Т. — мыс Чэлюскін, паўд. мяжа — паўн. ўступ Сярэднесібірскага пласкагор’я. Пл. каля 400 тыс. км², даўж. каля 1000 км, шыр. больш за 500 км. Берагі пераважна нізкія, моцна парэзаныя. У цэнтр. ч. — горы Быранга (выш. да 1146 м), якія працягваюцца з ПнЗ на ПдУ. Паўн.-Таймырская і Паўн.-Сібірская нізіны. Радовішчы кам. вугалю. Клімат суровы. арктычны. Ападкаў 115—230 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Найб. рэкі: Пясіна, Верхняя і Ніжняя Таймыра, Хатанга. Шмат азёр, найб. Таймыр. На Пн арктычныя і высакагорныя пустыні і паўпустыні, у сярэдняй ч. тундра, на крайнім Пд лесатундра. У складзе жывёльнага свету: заяц-бяляк, пясец, ліс, воўк, паўн. алень, белы мядзведзь; у моры — бялуха, нерпа, морж; летам шмат птушак.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)