ТА́ЙМАНАВА,
комплекс археал. помнікаў каля в. Тайманава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Адкрыў і даследаваў у 1967—83 Л.Д.Побаль. На стаянцы позняга мезаліту (6-е тыс. да н.э.) знойдзены наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, праколкі, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы постсвідэрскай культуры. На лакалізаваным на гэтай тэрыторыі селішчы позняга этапу зарубінецкай культуры і банцараўскай культуры (2—8 ст. н.э.) выяўлены рэшткі 51 паўзямлянкавага жытла, ямы ад наземных і паглыбленых у мацярык жытлаў і ад розных гасп. і вытв. пабудоў. Знойдзены жал. наральнік, сярпы. нажы, шылы, зерняцёркі, верхні камень ад жорнаў, гліняныя тыглі, бронзавыя вырабы, рымскія бронзавыя і жал. фібулы, рымскія пацеркі. Керамічныя знаходкі прадстаўлены прасліцамі, грузікамі, грубаляпнымі пасудзінамі з расчосамі, ганчарнай керамікай 10—13 ст. У комплекс уваходзяць таксама яшчэ 2 селішчы, бескурганны і курганны могільнікі.
Л.Д.Побаль.
т. 15, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)