ГО́МЕЛЬСКІ ХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Утвораны ў 1965. Да 1968 называўся суперфасфатны завод. У 1970 уведзены магутнасці па выпуску складаназмяшаных мін. угнаенняў; у 1974 — пушчаны цэхі 2-й чаргі з-да (грануляванага амафосу, фосфарнай кіслаты і фторыстых солей); у 1978 — цэх тэхн. сульфатанатрыю; у 1980 — новы цэх сернай кіслаты. У 1986 асвоена азотна-кіслародная ўстаноўка. Выпускае больш за 20 відаў прадукцыі.
т. 5, с. 349
ГО́МЕЛЬСКІ ЦЫРК.
Пабудаваны ў Гомелі ў 1972 (арх. М.Шульмейстэр, Ю.Маторын, А.Кудраўцаў, Ш.Хінчын). Кампазіцыя будынка вырашана ў выглядзе 2 чаш, павернутых адна да адной (амфітэатр і купал). Відовішчная частка складаецца з залы на 1856 месцаў з манежам, эстрадай і аркестравай пляцоўкай. Асн. аб’ём размешчаны на прамавугольным у плане стылабаце, дзе знаходзяцца касавы вестыбюль, гардэробы, парадныя лесвіцы, блок службовых, артыстычных і дапаможных памяшканняў. Амфітэатр абкружаны зашклёным фае з выхадам на тэрасу, зробленую на даху стылабата.
А.А.Воінаў.
т. 5, с. 349
ГО́МЕЛЬСКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Уведзены ў эксплуатацыю ў 1933. Размешчаны за 9 км ад Гомеля ў р.п. Касцюкоўка. У Вял. Айч. вайну часткова эвакуіраваны ў Башкірыю. Адноўлены ў 1943—45. Пазней рэканструяваны. З 1994 Гомельскае акц. т-ва «Гомельшкло». Адно з буйнейшых прадпрыемстваў па выпуску аконнага паліраванага шкла, пенашкла, шкляных тэрмаўстойлівых труб, загартаванага шкла для аўтатрактарнай прам-сці і інш. 75% паліраванага шкла ідзе на экспарт у Галандыю, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, краіны СНД. Працуе цэх прамысл. перапрацоўкі і вытв-сці бутэлек еўрап. стандарту.
т. 5, с. 349
ГО́МЕЛЬСКІ ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1917 на базе кузні для пуцявых майстэрняў Гомельскай дыстанцыі чыгункі. З 1938 эл.-мех. з-д па серыйным выпуску гарнітур для стрэлак эл. цэнтралізацыі. У 1941 эвакуіраваны, у 1944 вернуты ў Гомель. У 1975—84 рэканструяваны. Вырабляе 11 відаў прадукцыі для чыгунак (гарнітуры стрэлачныя, сігнальна-асвятляльныя ліхтары, перамычкі дросельныя і інш.).
т. 5, с. 349
ГО́МЕЛЬСКІ «ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДО́МІК»,
помнік архітэктуры стылю ампір. Пабудаваны ў Гомелі ў 1820. Будаваўся як зімовая рэзідэнцыя Румянцавых. Кампактны прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым 4-схільным дахам. Канструкцыя мяшаная: драўляны зруб з вонкавым слоем атынкаванай цаглянай муроўкі. Да асн. аб’ёму па баках прыбудаваны невял. мураваныя аб’ёмы, завершаныя ступеньчатымі атыкамі. У цэнтры гал. фасада 6-калонны дарычны порцік з тэрасай над ім. Арх. акцэнт кампазіцыі — мансарда з вял. паўцыркульным праёмам і атыкавым завяршэннем. У дэкоры фасада выкарыстаны рустоўка, барэльефы. У інтэр’еры захаваліся 3 кафляныя печы.
т. 5, с. 347
«ГО́МЕЛЬСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
1) газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 28.12.1908 (10.1.1909) да 23.4(6.5). 1909 у Гомелі на рус. мове. Друкавала матэрыялы пра гар. навуч. ўстановы, дзіцячыя прытулкі, садзейнічала дабрачыннай дзейнасці, публікавала нататкі пра тэатр. і муз. жыццё Гомеля, вершы, нарысы, карэспандэнцыі мясц. аўтараў, пераклады.
2) Грамадска-паліт. і літ. газета афіцыёзнага кірунку. Выдавалася з 26.2(11.3) да 25.5(7.6). 1914 у Гомелі на рус. мове. Друкавала гасп. справаздачы, агітавала за афіц. спіс кандыдатаў у гар. думу.
У.М.Конан.
т. 5, с. 349
«ГО́МЕЛЬСКОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з крас. 1911 да мая 1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прымыкала да мясц. аддзела Саюза рус. народа. Выступала супраць с.-д. руху і левых кадэтаў, мясц. газ. «Полесье» і інш. дэмакр. выданняў. Змяшчала афіц. ўрадавыя матэрыялы, тэатр. і літ. агляды, бібліяграфію і публіцыстыку, прапагандавала палітыку П.А.Сталыпіна, яго зямельную рэформу ў Беларусі і Літве.
У.М.Конан.
т. 5, с. 349
«ГОМЕЛЬШПАЛЕ́РЫ»,
гл. Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры».
т. 5, с. 350
ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.
Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-м. В.М.Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач. жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.
т. 5, с. 350
ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.
Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.
В.І.Мялешка.
т. 5, с. 350