Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІРВО́ТА, ванітаванне,

мімавольнае выкідванне змесціва са стрававальнага тракту, пераважна са страўніка, праз рот. У фізіял. адносінах — ахоўная рэакцыя, якая ўзнікае пры раздражненні рэцэптараў кораня языка, глоткі, слізістай абалонкі страўніка, кішэчніка, брушыны, вестыбулярнага апарату. Можа быць абумоўлена нюхальнымі і смакавымі раздражненнямі, якія выклікаюць гадлівасць. Паталаг. формы І. звязаны з захворваннямі органаў стрававання, галаўнога мозга ці яго абалонак, як праяўленне істэрыі. Неўтаймаваная І. назіраецца пры цяжкіх інфекцыях, атручэннях, таксікозе цяжарнасці.

т. 7, с. 316

ІРГА́ (Amelanchier),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: І. каласістая (A. spicata), І. канадская (A. canadensis), І. альховалістая (A. alnifolia). У дэндрарыях і парках Беларусі трапляюцца яшчэ 5 відаў І. (круглалістая, пышнаквітучая, гладкая, малаплодная, крывава-чырвоная).

Аднадомныя, лістападныя дрэвы і кусты выш. да 8 м. Лісце простае, суцэльнае, цёмна-зялёнае, восенню аранжава-чырвонае. Кветкі белыя або крэмавыя ў шчыткападобных гронках. Цвітуць у маі, пладаносяць у ліп. — жніўні. Плод — сакавіты, ягадападобны, сінявата-чорны яблык дыяметрам да 1 см, ядомы. мае цукар, вітамін С, карацін і інш Пладовыя, меданосныя, лек. (плады, кара, лісце), дэкар. расліны.

Ірга круглалістая.

т. 7, с. 316

І́РГЕР (Юлій Маркавіч) (4.6.1897, Мінск — 26.5.1941),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1928), праф. (1934). Засл. дз. нав. БССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1934 у Мінскім мед. ін-це, з 1932 адначасова кіраўнік Бел. НДІ пералівання крыві. Навук. працы па пытаннях агульнай, клінічнай і аперацыйнай хірургіі, уралогіі, анатоміі і пераліванні крыві.

Тв.:

Пасляаперацыйная і пасляродавая затрымка мачы. Мн., 1932.

т. 7, с. 316

ІРД ((Ird) Каарэл) (27.8.1909, Рыга — 25.2.1986),

эстонскі рэжысёр, акцёр.

Нар. арт. Эстоніі (1958). Нар. арт СССР (1970). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў студыі драм. мастацтва ў Тарту (1934—36). З 1940 гал. рэжысёр т-ра «Ванемуйне» (г. Тарту). Сярод пастановак: оперы «Агні помсты» Э.Капа (1945), «Бераг бур» Г.Эрнесакса (1958), «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева (1962), «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча і «Лебядзіны палёт» В.Торміса (1966), «Джоні з Гвіяны» А.Буша (1969), «Піквікскі клуб» Р.Шантыра (1978); драм. спектаклі: «Мяшчане» (1946), «Ягор Булычоў і іншыя» (1950) М.Горкага, «Венецыянскі купец» (1958), «Карыялан» (1964) У.Шэкспіра, «Жыццё Галілея» (1961), «Швейк у другой сусветнай вайне» (1967) Б.Брэхта, «Дзікі капітан» Ю.Смуула (1965), «Сумленне» Э.Ранета (усе ў т-ры «Ванемуйне»), Пастаноўкі вылучалі глыбіня трактоўкі сцэн. вобразаў, арыгінальнае вырашэнне масавых сцэн. Сярод роляў: Ральф («Жыццё ў Цытадэлі» А.Якабсана), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоў), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога). Дзярж. прэмія Эстоніі 1947. Дзярж. прэмія СССР 1967.

К.Ірд.

т. 7, с. 316

ІРЖА́ЎНЫЯ ГРЫБЫ́ (Uredinales),

парадак базідыяльных грыбоў падкл. тэламіцэтэс. 14 сям., 164 роды, 7000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 400 відаў з 14 родаў: гімнаспарангій, пукцынія, траншэлія, ураміцэс, ахрапсора, калеаспорый, кранарцый, мелампсора і інш. Аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, пераважна злакавых і бабовых. Узбуджальнікі іржы раслін. Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм.

Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара, у большасці відаў мясцовы (на месцы пападання споры); зрэдку дыфузны (пранізвае ўсю расліну). Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру (адсюль назва). Цыкл развіцця І.г. — чаргаванне гаплоіднай і дыплоіднай стадый. Маюць 5 тыпаў споранашэння. Адны віды маюць усе тыпы споранашэння (поўны цыкл развіцця), другія — толькі некат. (няпоўны цыкл). Пры развіцці на адной расліне ўсіх тыпаў споранашэння грыбы наз. аднагаспадаровымі, калі гаплоідная і дыплоідная стадыі на розных раслінах — рознагаспадаровымі.

В.С.Гапіенка.

т. 7, с. 316

ІРЖА́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца ржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.

т. 7, с. 316

ІРКУ́ЦК,

горад у Расіі, цэнтр Іркуцкай вобл., каля сутокаў р. Іркут з Ангарой. 587 тыс. ж. (1996). Прыстань на р. Ангара, чыг. станцыя. Міжнар аэрапорт. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (з-ды цяжкага машынабудавання, станкабудавання, авіяц., эл.-тэхн. і інш.), дрэваапр. (мэбля), лёгкай і харч. прам-сці; слюдаапрацоўчая ф-ка. Іркуцкая ГЭС. Іркуцкі навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас. АН. 8 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты. Т-ры драм., муз. камедыі, юнага гледача, лялек. Музеі краязнаўчы і мастацкі. Мемар. комплекс «Дзекабрысты ў Іркуцку». Цэрквы 18 ст.: Крыжаўзвіжанская, Троіцкая, Уваходу ў Іерусалім, Уладзімірская, Харлампіеўская і інш.

Засн. як астрог у 1661 (па інш. звестках, у 1652), з 1686 горад. З 1682 цэнтр ваяводства, з 1719 — правінцыі, з 1764 — Іркуцкай губ. (у 1783—96 намесніцтва), рэзідэнцыя ген.-губернатара Сібіры (з 1803) і Усх. Сібіры (з 1822). Важны транзітны пункт гандлю Расіі з Манголіяй і Кітаем. У 1799—1800 у І. размяшчалася праўленне Рас.-амер. кампаніі. Росту горада садзейнічала развіццё прыіскавай справы. З 17 ст. месца паліт. ссылкі. З 18 ст. буйны культ. цэнтр Сібіры: адкрыты навігацыйная школа (1754), духоўная семінарыя (1781), публічная б-ка і музей (1782). тэатр (1849). У 1879 горад моцна пацярпеў ад пажару.

Літ.:

Иркутск: Три века, 1686—1986: Страницы жизни. Иркутск, 1986;

Гольдфарб С.И. Весь Иркутск: Рассказы из истории города. Иркутск, 1992.

Да арт. Іркуцк. Будынак 19 ст. ў старажытнарускім стылі.

т. 7, с. 317

ІРКУ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ імя Я.Д.Чэрскага.

Засн. 31.5.1996 на 1-м з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобл. Расіі. Кіруючы орган — рада. Аб’ядноўвае каля 150 чал. Асн. мэты: аб’яднанне беларусаў Усх. Сібіры, захаванне бел. этн. свядомасці, мовы і культ. традыцый, пашырэнне ведаў пра Беларусь. Пры т-ве працуе бел. нядзельная школа, маладзёжны клуб, дзіцячы ансамбль «Пралескі». У цэнтр. гар. б-цы Іркуцка адкрыты бел. аддзел. Т-ва праводзіць культ.-асв. работу, адзначае бел. нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў; выдае газ. «Маланка».

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 317

ІРКУ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Усх. Сібіры, у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 767,9 тыс. км². Нас. 2795 тыс. чал., гарадскога 79% (1996). У складзе І.в. Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга. Цэнтр — г. Іркуцк. Найб. гарады: Ангарск, Брацк, Усолле-Сібірскае, Усць-Ілімск, Усць-Кут, Чарамхова, Тулун.

Прырода. І.в. размешчана на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я (выш. 500—700 м). У яе межах на ПнУ Паўночна-Байкальскае і Патамскае нагор’і (выш. да 1720 м), на Пд хрыбты Усх. Саяна (выш. да 2875 м) і Прыбайкалля (Прыморскі, выш. 1728 м, і Байкальскі, выш. 2572 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. руда, золата, слюда, магнезіт, графіт, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (на Пд) да -33 °C (на Пн), ліп. 17—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў на пласкагор’і 400 мм, на паўн.-зах. і зах. схілах гор да 800 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Енісея і Лены; найб. Ангара (з прытокамі Іркут, Кітой, Белая, Ака, Ія, Уда, Біруса, Ілім); Ніжняя Тунгуска, Лена (з прытокамі Віцім і Кірэнга). Уздоўж паўд.-ўсх. мяжы вобласці воз. Байкал з в-вам Альхон. Глебы пераважна падзолістыя, на Пд у лесастэпавых раёнах шэрыя лясныя і чарназёмы, у гарах горныя лясныя і горныя тундравыя. Пад лесам каля 80% тэр. вобласці (хвоя, лістоўніца). Прыбайкальскі нац. прыродны парк.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці: паліўная (Іркуцкі і Чарамхоўскі вугальныя басейны), энергетыка (Брацкая, Іркуцкая, Мамаканская, Усць-Ілімская ГЭС, вытв-сць электраэнергіі 55,2 млрд. кВт-гадз, 1996), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, лесахім., чорная і каляровая металургія (сталь, алюміній); горназдаб. (жал. руда, каменны вугаль, золата, слюда, тальк, соль), маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне для горназдаб. прам-сці і каляровай металургіі, станкі), хім. і нафтахім., буд. матэрыялаў, харчовая, мукамольна-крупяная і камбікормавая, лёгкая, шкляная і фарфора-фаянсавая. С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн. га, у т. л. пад ворывам 1,8 млн. га. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс) і кармавых культур; вырошчваюць бульбу, гародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля, авечка- і свінагадоўля, на Пн пушны промысел, алене- і зверагадоўля. На воз. Байкал, рэках Ангара і Лена — рыбалоўства. Тэр. І.в. перасякае Транссібірская чыг. магістраль, зах. ўчастак Байкала-Амурскай магістралі. Гал. аўтадарогі: Маскоўскі тракт, Култук — мяжа Манголіі, Тулун—Брацк—Усць-Ілімск, Іркуцк—Качуг. Трубаправод Туймазы—Ангарск. Суднаходства па рэках Лена, Віцім, Ангара, воз. Байкал. Курорты: Ангара, Усолле, Усць-Кут.

Л.В.Лоўчая.

т. 7, с. 317

ІРЛА́НДСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Атлантычнага ак. паміж а-вамі Вялікабрытанія і Ірландыя. Пл. 47 тыс. км². Найб. глыб. 197 м. З акіянам злучаецца пралівамі Паўночны і Св. Георга. Найб. а-вы Мэн і Англсі. Размешчана на мацерыковай водмелі, якая перасечана вузкім жолабам, выцягнутым паралельна берагу Ірландыі. Берагі парэзаны невял. залівамі і бухтамі. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот. Т-ра вады зімой 5 °C, летам да 16 °C. Салёнасць 34—34,5%о. Прылівы правільныя, паўсутачныя (да 8,4 м). Рыбалоўства (селядзец, кілька, траска, анчоўсы). Найб. парты: Ліверпул (Вялікабрытанія) і Дублін (Ірландыя).

т. 7, с. 318