РЭ́ГЕНСБУРГ (Regensburg),
горад на Пд Германіі, у зямлі Баварыя, на р. Дунай пры ўпадзенні р. Рэген. Узнік з рым. ваен. ўмацавання. Каля 125 тыс. ж. (2000). Пачатковы пункт суднаходства на р. Дунай, вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, паліграф., буд. матэрыялаў. Ун-т. Гар. музей, маст. галерэя, палацавы музей Турн і Таксіс. Арх. помнікі 8—18 ст.: раманскія цэрквы Эмерамскірхе (8—13 ст.), Якабскірхе (1150—1200) і Старая капэла (1002), гатычныя сабор Санкт-Петэр (каля 1250—1525) і Старая ратуша (1356), рэнесансавыя і барочныя цэрквы і інш.
т. 13, с. 547
РЭ́ГЕНТ [ад лац. regens (regentis) які кіруе],
1) кіраўнічая пасада ў канцылярыях ВКЛ. У вял. канцылярыі ВКЛ вядомы з 1590-х г. Прызначаўся канцлерам (падканцлерам), зацвярджаўся каралём і выконваў свае абавязкі да змены канцлера (падканцлера). Быў адным з сакратароў, заносіў дакументы ў кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага і выдаваў іх афіц. копіі-выпіскі. Правіў і падаваў на подпіс каралеўскія, канцлерскія і падканцлерскія дакументы, выконваў абавязкі натарыуса. У выпадку смерці канцлера ці падканцлера выконваў іх абавязкі. З 1776 Р. вял. канцылярыі ўдзельнічаў у пасяджэннях задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда. Р. былі ў земскіх і гродскіх судах, магістратах, кансісторыях і інш., дзе яны ўдзельнічалі ў складанні актаў і адказвалі за іх зберажэнне.
2) Асоба, якая кіруе хорам у правасл. царкве. Рыхтавалі Р. т.зв. рэгенцкія класы Пецярб. прыдворнай пеўчай капэлы (тут узнік тэрмін) і ў Сінадальным вучылішчы царк. спеваў у Маскве. Р. наз. таксама вопытных пеўчых, якім даручалі кіраванне харамі ў цэрквах. Да з’яўлення Р. яго абавязкі выконваў галаўшчык (пачынальнік), першы спявак на клірасе. Рыхтуюць Р. у рэгенцкіх класах пры духоўных семінарыях.
Н.Г.Мазурына (музыка).
т. 13, с. 547
РЭ́ГЕНЦТВА (ад рэгент),
часовае праўленне ў манархічных краінах адной або некалькіх асоб з выпадку вакантнасці трона, непаўналецця, працяглай адсутнасці, хваробы ці недзеяздольнасці манарха.
т. 13, с. 547
РЭ́ГЕР ((Reger) Макс Іаган Баптыст Іозеф) (19.3.1873, Бранд, каля г. Кемнат, Аўстрыя — 11.5.1916),
нямецкі кампазітар, арганіст, піяніст і дырыжор. Вучань Г.Рымана. У 1890—96 выкладаў у кансерваторыі ў г. Вісбадэн (Германія), з 1905 — у Муз. акадэміі ў Мюнхене, з 1907 праф. Лейпцыгскай кансерваторыі. У 1911—14 прыдворны капельмайстар у г. Майнінген (Германія). Працягваў традыцыі І.С.Баха. Аўтар твораў: для салістаў, хору з арк.; сімфаньеты і серэнады для арк.; канцэрта для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; варыяцый і фуг на тэму Баха для фп.; харальных фантазій і прэлюдый для аргана і інш.; шматлікіх тэарэт. прац, у т. л. «Аб мадуляцыі» (1903).
Літ.:
Крейнина Ю.В. Регер и мастера XX в. // Проблемы истории австро-немецкой музыки. Первая треть XX в М., 1983.
т. 13, с. 547
«РЭГЕ́СТЫ КРЫНІ́Ц ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТВЫ́»
(«Regesta źródłowe do dziejów Litwy od czasów najdawniejszych aż do unji z Polską», «Regesta Lithuaniae ab origine usque ad Magni Ducatus cum Regno Poloniae unionem»),
зборнік рэгестаў (паведамленняў, цытат з твораў) па гісторыі Літвы, Жамойці і некат. зах.-балцкіх плямён з найдаўнейшых часоў да пачатку панавання ў ВКЛ вял. кн. Гедзіміна. Складзены на лац. мове. Выдадзены Г.Пашкевічам (т. 1, Варшава, 1930). Змяшчае паведамленні з прац антычных аўтараў, сярэдневяковых гісторыкаў, ням. і польск. аналаў, рус. летапісаў. Размешчаны ў храналагічным парадку, 1-е з іх — паведамленне Тацыта пра эстаў (98 г. н.э.), апошняе — паведамленне з хронікі Г.Вартберга пра г. Кукенойс (1315). Рэгесты перадаюць кароткі змест паведамлення, некаторыя цалкам яго цытуюць. Змешчаны 853 рэгесты і ў дадатку 6. Матэрыялы зборніка асвятляюць стараж. гісторыю балцкіх народаў, працэс утварэння ВКЛ, уключэння ў яго склад бел. зямель, ваенныя і мірныя ўзаемадачыненні ВКЛ з суседнімі дзяржавамі.
т. 13, с. 547
РЭГІЁН (англ. region ад лац. regio вобласць, раён),
пэўная тэрыторыя (акваторыя), значная па памерах, якая вылучаецца характэрнымі эканоміка-геагр. ўмовамі, нац. складам насельніцтва і інш. Р. наз. некалькі абласцей ці раёнаў краіны ці група краін, што адрозніваюцца агульнасцю расавага, этн. складу, культурных традыцый і інш (напр., блізкаўсходні Р.).
т. 13, с. 547
РЭГІМЕ́НТАР,
1) у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. часовы намеснік гетмана, які выконваў гетманскія абавязкі ў час яго адсутнасці (смерць, палон і інш.). Камандаваў усім войскам Польшчы або ВКЛ (генеральны Р.) ці яго часткай, у баявых дзеяннях або на зімовых кватэрах. Прызначаўся каралём.
2) Камандуючы ўзбр. сіламі шляхецкіх канфедэрацый у 16—18 ст.
т. 13, с. 547
РЭГІСТА́Н,
пустыня на У Іранскага нагор’я, на Пд Афганістана. Даўж. больш за 400 км, шыр. да 200 км. Пл. каля 40 тыс. км². Пакатанахіленая раўніна, выш. ад 1500 м на У да 800 м на З. Характэрны рухомыя і замацаваныя расліннасцю (палыны, эфемеры, эфемероіды) пяскі. Клімат субтрапічны, кантынент., сухі (ападкаў да 100 мм за год). Па далінах рэк (Гільменд і інш.) тугайныя зараснікі. Качавая жывёлагадоўля, рэдкія аазісы.
т. 13, с. 548
РЭГІСТА́Н (іран., літар. — месца, укрытае пяском; тадж. рэгістон),
назва парадных плошчаў у гарадах Сярэдняй Азіі. Прастору Р. з 3 бакоў абмяжоўваюць пышна арнаментаваныя будынкі медрэсэ, мячэцяў, ханакі, караван-сарая і інш. Найб. вядомы Р. у г. Самарканд (Узбекістан) — шэдэўр горадабуд, мастацтва 15—17 ст. Іл. гл. да арт. Медрэсэ.
т. 13, с. 548
РЭГІ́СТР (ад позналац. registrum спіс, пералік),
1) спіс, пералік чаго-н., уліковы дакумент, які мае прававое значэнне; кніга для запісаў.
2) Орган, які ажыццяўляе функцыі нагляду ў спец. запісе кіравання, напр., выдае правілы пабудовы рознага тыпу суднаў гандл флоту, назірае за дакладнасцю іх буд-ва, за іх тэхн. станам у працэсе эксплуатацыі.
т. 13, с. 548