РЭ́ГЕНТ [ад лац. regens (regentis) які кіруе],

1) кіраўнічая пасада ў канцылярыях ВКЛ. У вял. канцылярыі ВКЛ вядомы з 1590-х г. Прызначаўся канцлерам (падканцлерам), зацвярджаўся каралём і выконваў свае абавязкі да змены канцлера (падканцлера). Быў адным з сакратароў, заносіў дакументы ў кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага і выдаваў іх афіц. копіі-выпіскі. Правіў і падаваў на подпіс каралеўскія, канцлерскія і падканцлерскія дакументы, выконваў абавязкі натарыуса. У выпадку смерці канцлера ці падканцлера выконваў іх абавязкі. З 1776 Р. вял. канцылярыі ўдзельнічаў у пасяджэннях задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда. Р. былі ў земскіх і гродскіх судах, магістратах, кансісторыях і інш., дзе яны ўдзельнічалі ў складанні актаў і адказвалі за іх зберажэнне.

2) Асоба, якая кіруе хорам у правасл. царкве. Рыхтавалі Р. т.зв. рэгенцкія класы Пецярб. прыдворнай пеўчай капэлы (тут узнік тэрмін) і ў Сінадальным вучылішчы царк. спеваў у Маскве. Р. наз. таксама вопытных пеўчых, якім даручалі кіраванне харамі ў цэрквах. Да з’яўлення Р. яго абавязкі выконваў галаўшчык (пачынальнік), першы спявак на клірасе. Рыхтуюць Р. у рэгенцкіх класах пры духоўных семінарыях.

Н.​Г.​Мазурына (музыка).

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)