Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ІНТЭРКО́СМАС»,

1) савет па міжнар. супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касм. прасторы пры АН СССР (існаваў у 1966—91).

2) Сумесная праграма касм. даследаванняў краін — членаў Савета эканамічнай узаемадапамогі.

3) ШСЗ, што запускаліся з 1969 па гэтай праграме.

т. 7, с. 286

ІНТЭРЛІ́НГВА,

гл. ў арт. Штучныя мовы.

т. 7, с. 286

ІНТЭРЛІНГВІ́СТЫКА,

раздзел лінгвістыкі, які вывучае штучныя дапаможныя мовы-пасрэднікі, створаныя для міжнар. (міжэтнічных) зносін у якасці аналагаў натуральных моў (тыпу эсперанта, інтэрлінгва і інш.). Склалася ў 20 ст. як асэнсаванне шматвяковай практыкі стварэння і выкарыстання штучных моў. Асн. кірункі: стварэнне структурнай і функцыян. тыпалогіі штучных моў-пасрэднікаў, іх навук. і нарматыўных (кадыфікуючых) граматык і слоўнікаў; вывучэнне ўзаемаадносін штучных і натуральных моў; рацыяналізацыя існуючых, распрацоўка новых дапаможных моў-пасрэднікаў і інфармацыйных моў; стварэнне гісторыі распрацоўкі і функцыянавання штучных моў і рухаў іх прыхільнікаў (напр., Муз. эсперанта-ліга, Скаўцкая эсперанцкая ліга і інш.).

Літ.:

Проблемы интерлингвистики. М., 1976;

Кузнецов С.Н. Теоретические основы интерлингвистики. М., 1987;

Дуличенко А.Д. Советская интерлингвистика: (Аннотир. библиогр. за 1946—1982 гг.) Тарту, 1983.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 7, с. 286

ІНТЭРЛЮ́ДЫЯ (ад лац. inter паміж + ludus ігра),

1) устаўная інструментальная ці вакальна-інструментальная п’еса паміж актамі драм. або муз. спектакля. Часцей наз. інтэрмедыяй.

2) Невял. п’еса, якая падзяляе або звязвае асн. часткі муз. твора. Сустракаецца ў муз.-сцэн. («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), цыклічных («Ludus tonalis» П.​Хіндэміта) творах, як частка сюіты («Мадрыгал» для голасу з фп. М.​Мяскоўскага), а таксама ў фугах, паміж строфамі харала. Тэрмін «І.» часам ужываюць у значэнні інтэрмецца.

т. 7, с. 286

ІНТЭРМЕДЗІ́Н,

тое, што меланатропны гармон.

т. 7, с. 286

ІНТЭРМЕ́ДЫЯ (ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),

1) у літаратуры, тэатральным і музычным мастацтве — кароткая п’еса або сцэнка (пантаміма, танец, муз. ці інстр. твор), часцей камедыйнага характару, што выконваецца паміж дзеямі драм. або муз. спектакля.

Узнікла ў 15 ст. ў паказах містэрый. Была пашырана ў камедыі дэль артэ, школьнай драме і інш. У эпоху Адраджэння — самаст. жанр нар. т-ра. У 17—18 ст. ў Італіі І. — маленькія оперы, якія перамяжоўвалі дзеянні опер-серыя. У Расіі ў 19—20 ст. ператварылася ў самаст. сцэнкі са спевамі і танцамі.

На Беларусі І. існавалі з канца 16 ст. як устаўкі ў школьныя драмы, напісаныя на лац., радзей на польск. і стараслав. мовах (І. да п’есы «Цімон Гардзілюд» віленскага езуіта К.​Пянткоўскага, 1584; 1. «Чорт Асмалейка», 1-я пал. 17 ст.). Вядомы дыялогі да «Камедыі пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў» гродзенскага езуіта Я.​Пылінскага (1651), камедыйныя сцэнкі да польскіх драм з рукапіснага «Аршанскага кодэкса» (каля 1693; ставіліся ў Полацку, Оршы, Навагрудку, Віцебску), І. 18 ст., якія ўключаліся ў «Дэкламацыю» М.​Базілевіча, у п’есы «Камічнае дзеянне» М.​Даўгалеўскага (1736) і «Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага (1747). З часоў барока захавалася больш за 20 бел. І., змест якіх звычайна складалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні. Сцэнкі «Селянін і вучань», «Літаратар, селянін, Самахвальскі» і інш. ўключаны ў ковенскі школьны зборнік 1730-х г. Інтэрмедыйная аснова адчуваецца ў «Камедыі» К.​Марашэўскага (паст. 1787) і оперы «Агатка» Я.​Д.​Голанда (паст. 1784). Асобныя эпізоды з І. выкарыстаны ў драмах «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, камедыі «Несцерка» В.​Вольскага. У нар. т-ры І. складалі 2-ю частку паказаў батлейкі («Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха» і інш.) і нар. драмы. Часам паказы батлейкі цалкам складаліся з І.

2) У музыцы — эпізод паміж рознымі правядзеннямі тэмы ў фузе, наз. таксама інтэрлюдыяй.

Літ.:

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 162—174;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979.

А.​К.​Саннікаў, А.​А.​Семяновіч.

т. 7, с. 286

ІНТЭРМЕТАЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, інтэрметаліды,

хімічныя злучэнні металаў паміж сабою. Адносяцца да металідаў.

т. 7, с. 286

ІНТЭРМЕ́ЦЦА (італьян. intermezzo літар. перапынак, ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),

1) інструментальная п’еса прамежкавага значэння ў цыклічным творы (санаце, сюіце) або сярэдняя частка (трыо) у трохчасткавай інстр. кампазіцыі. У бел. музыцы І. ёсць у сімф. сюітах Г.​Вагнера, А.​Клумава, фп. сюіце Я.​Касалапава, сюіце для эстр. арк. У.​Чараднічэнкі. Сустракаецца і ў оперы, дзе часта наз. інтэрмедыяй, інтэрлюдыяй («Матухна Кураж» С.​Картэса).

2) Невял. інстр. п’еса, пераважна для фп. Упершыню ўведзена Р.​Шуманам (6 І. для фп.). Шырока вядомы І. для фп. І.​Брамса, А.​Лядава, В.​Каліннікава, для сімф. арк. — М.​Мусаргскага. У бел. музыцы І. стварылі Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Я.​Глебаў, А.​Залётнеў, Дз.​Смольскі, А.​Туранкоў і інш.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 7, с. 286

ІНТЭРНАЛІ́ЗМ (ад лац. internus унутраны),

метадалагічны кірунак у гісторыі і філасофіі, які прызнае рухаючай сілай развіцця навукі ўнутраныя, інтэлектуальныя (філас., уласна навуковыя) фактары. Узнік у канцы 1930-х г. як рэакцыя на экстэрналізм (крыніца развіцця навук. ідэй — сац.-эканам. ўмовы і фактары). Асн. прадстаўнікі — А.​Кайрэ, А.​Р.​Хол, М.​Б.​Хол, І.​Б.​Коэн, Дж.​Рэндэл. Адзін з вытокаў гіст. школы ў метадалогіі навукі. Крайняя форма І. — метадалогія пазітывізму.

т. 7, с. 286

ІНТЭРНА́Т (ад лац. internus унутраны),

1) памяшканне пры навуч. установе для навучэнцаў, студэнтаў або агульнае памяшканне для асоб, якія працуюць на адным прадпрыемстве.

2) Школа-інтэрнат, дзе вучні жывуць і знаходзяцца на поўным або частковым дзярж. забеспячэнні.

3) Установа сістэмы сац. забеспячэння для інвалідаў і састарэлых.

т. 7, с. 286