Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕ́ГЛЮБКА,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 38 км на ПнУ ад г. Ветка, 60 км ад Гомеля, 48 км ад чыг. ст. Добруш. 912 ж., 367 двароў (2000). Ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Шырока вядомы цэнтр ткацкага рамяства (гл. Неглюбскі строй, Неглюбскія ручнікі).

т. 11, с. 265

НЕ́ГЛЮБСКІЯ РУЧНІКІ́,

традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі з в. Неглюбка і навакольных вёсак Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Ткуць з ільняных, баваўняных нітак, часам дадаюць мулінэ, шоўк, ірыс; даўж. ручніка 350—500 см, шыр. 40—50 см, арнамент 80—140 см на кожным канцы. Тэхніка ткання браная і пераборная. Пераважае старадаўні геам. і геам.-расл. арнамент, які часам мае асаблівыя назвы («крывулі», «кепцы» і інш.). Узор, змешчаны на канцы ручнікоў, складаецца з 5—9 шырокіх гарыз. арнаментальных палос, дзе 2—4 рознага ўзору, далей шырокая іншага характару, потым у люстэркавым адбіцці паўтараюцца першыя. Сярэдзіна ручніка запаўняецца рытмічна размешчанымі вузкімі каляровымі арнаментальнымі палоскамі. Канец з трох бакоў абшываецца кароценькімі, у колер закладак мохрыкамі, часам аздабляецца карункамі, вязанымі кручком. Колеравая гама Н.р. яркая, пераважае чырвоны, пашыраны чорны і белы колеры. У апошні час трапляецца зялёны, сіні, жоўты. У 1977 у в. Неглюбка створаны ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сярод ткачых Е. і М. Барсуковы, Г.Грынькова, Т.Дзеранок, Е.Кавалёва, М.Кароткая, М.І. і М.П. Каўтуновы, С.Мельнікава, М.Прыходзька. Г.Суглоб, В.Халюкова і інш. Н.р. экспанаваліся на айч. і сусв. выстаўках.

Літ.:

Жабінская М.П. Мастацтва сяла Няглюбка: [Фотаальбом]. Мн., 1976.

М.П.Жабінская, Дз.С.Трызна.

Неглюбскія ручнікі. 1974.

т. 11, с. 266

НЕ́ГЛЮБСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. на У Веткаўскага, Пд Краснагорскага і ПнЗ Навазыбкаўскага (Расія) р-наў. У параўнанні з інш. нар. строямі больш прыземісты, цяжкаваты; падобны да рус. і ўкр. касцюмаў; яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, якія ўзніклі ў розныя гіст. перыяды.

У жаночым гарнітуры вызначаліся 3 комплексы: кашуля, 2-полкавая панёва (плахта), фартух (запаска), гарсэт, павойнік з саматканай хусткай; кашуля, спадніца-саян (зрэдку андарак), фартух, запінка (часам гарсэт), крамная хустка, завязаная на валасы і выкладзеная спераду на «рог» (выступ-каркас); кашуля, калышка, фартух, кубак (насілі дзяўчаты). Кашулю шылі з 3 (суцэльная) ці з 5 (з падточкай) полак ільняной ці баваўнянай тканіны. Кроілі з плечавымі ўстаўкамі, суцэльнымі з узорыстай полкай рукава або сшытымі з ёй, разрэзам пазухі па цэнтры грудзей, каўняром-стойкай (каля 1,5 см вышынёй) і вузкім рукавом з каўнерцам ці кароткай фальбонай. Арнамент натыкання часцей геам. (зубчыкавыя, пункцірныя ці гладкія, палосы, ромбы, крыжыкі, прамавугольнікі, квадраты, скампанаваныя ў розных камбінацыях); вышыўкі — геам. і расл. (падліковая гладзь, крыжык). Узоры, выкананыя баваўнянымі ніткамі чырвонага, чырвона-чорнага, радзей чыста белага колераў, кампанаваліся ў палосы (уздоўж ці ўпоперак рукава) або ў ячэйкі, утвораныя дыяганальнымі палосамі. Аздабленне шчыльна, як у дыванах, засцілала бачную паверхню рукавоў, плечавыя ўстаўкі, шлякам праходзіла па падоле, ланцужком па каўняры, каўнерцах, швах злучэння рукава са станам. Панёва ўяўляла сабой 2 сшытыя прыкладна ​2/3 даўжыні падоўжныя полкі тоўстай баваўнянай тканіны ў маляўнічыя клеткі пераважна цёмна-вохрыстага, чырвона-карычневага колераў. Фартух — прамавугольная полка чорнага валенага сукна (у комплексе з панёвай) або полка ўзорыстай крамнай тканіны. Гарсэт шылі з чорнага саціну з дэкар. хлясцікам і складкамі на басцы спінкі. Пояс (каля 25 см шыр.) выплецены з цёмна-вішнёвых суканых нітак з воўны, меў мноства кутасікаў. Запінку — летнюю адзежыну замужніх жанчын з белага палатна (падобную на фартух або туніку) — апраналі паверх кашулі замест гарсэта, аздаблялі ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, карункамі. Надзвычай багатыя шыйныя, нагрудныя і наспінныя ўпрыгожанні — пацеркі, шыйныя паяскі са штучнага бісеру. стужкі рознай шырыні, даўжыні і колеру; былі пашыраны самаробныя завушніцы. Мужчынскае адзенне мала адрознівалася ад адзення інш. бел. рэгіёнаў. Вопраткай былі армяк, бурнос, кажух і інш.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Лявонцева С. Неглюбскія кашулі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. №4.

М.Ф.Раманюк.

Да арт. Неглюбскі строй. Жаночы касцюм. Вёска Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 265

НЕГНІЮ́ЧНІК (Marasmius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі 16 відаў. Найб. вядомыя Н.: Бульяра (M. bulliardii), галінкавы (M. ramealis), лістападны (M. epiphyllus), лугавы, ці апенька лугавая, або варушка (M. oreades), тычынкападобны (M. androsaceus), часночны, або часночнік (M. scorodonius). Трапляюцца на глебе, лясным подсціле, пнях, ламаччы. Здольныя раскладаць найб. стойкія кампаненты ападу лісця і хвоі — лігнін і цэлюлозу. Пладовыя целы паяўляюцца ў чэрв. — верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы — пераважна дробнае, пры адміранні высыхае. Шапка рознай формы, цёмнаафарбаваная, радзей светлая. Пласціны прырослыя, свабодныя, рэдкія. Ножка цыліндрычная, жорсткая, гнуткая. Мякаць тонкая, шчыльная. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ёсць ядомыя (напр.. апенька лугавая, часночнік).

Негніючнік.

т. 11, с. 266

НЕ́ГРАЗА,

другая назва воз. Гарадзішча.

т. 11, с. 266

НЕ́ГРАС (Negros),

востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага (тэр. Філіпін). Пл. 12,7 тыс. км2. Нас. каля 3,2 млн. чал. (1995). Рэльеф пераважна гарысты, выш. да 2460 м (вулкан Канлаон). На З і ПнЗ — урадлівыя раўніны, складзеныя пераважна з вулканічных глебаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Вечназялёныя трапічныя лясы, участкі саваннаў. Вырошчванне цукр. трыснягу (асн. с.-г. культура), рысу, кукурузы. Радовішчы медных руд. На Н. — гарады Баколад, Думагетэ, Сан-Карлас.

т. 11, с. 266

НЕГРО́ІДНАЯ РА́СА,

афрыканская галіна экватарыяльнай (негра-аўстралоіднай) расы. Адрозніваецца цёмнай скурай, кучаравымі валасамі, шырокім носам, тоўстымі губамі, прагнатызмам. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Тэрмін «Н.р.» зрэдку ўжываецца як сінонім паняцця «экватарыяльная раса».

т. 11, с. 267

НЕГРУ́ЦЫ ((Negruzzi) Кастаке) (Канстанцін; кастр. 1808, г. Трыфешці, Румынія — 6.9.1868),

малдаўскі і румынскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў малд. рэаліст. л-ры. Дэбютаваў у 1821—23 («Мае бесарабскія забаўкі»). Напачатку прыхільна ставіўся да дэмакр. рэформ у краіне, выступаў у абарону нац. культуры; пазней прытрымліваўся кансерватыўных пазіцый. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў нац. т-ра, для якога ствараў драм. творы. Аўтар рамант. аповесцей «Зое» (1837) і «Скачкі», гіст. «Аляксандру Лэпушняну» (абедзве 1840). У «Пісьмах» (усяго 31, 1837—55) стварыў каларытныя замалёўкі побыту і нораваў тагачаснага грамадства. Пісаў вершы, фарсы, нарысы-эсэ, даследаваў фальклор.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1956.

т. 11, с. 267

НЕГРЫ́Н, Негрын Лопес (Negrín Lopez) Хуан (3.2.1894, г. Лас-Пальмас, Іспанія — 14.11.1956), іспанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. фізіялогіі і анатоміі. З 1929 чл. Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 дэп. картэсаў (з 1933). міністр фінансаў (з 1936), прэм’ер-міністр (з мая 1937) урада Нар. фронту, пазней і міністр абароны. У сак. 1939 эмігрыраваў, да 1945 лічыўся кіраўніком рэсп. ўрада Іспаніі ў эміграцыі.

т. 11, с. 267

НЕГРЫТО́СЫ (ісп. negritos памяншальнае ад negro негр),

азіяцкія пігмеі, назва некалькіх нізкарослых негроідных этнічных груп Паўд.-Усх. Азіі (андаманцы, аэта, семангі).

т. 11, с. 267