Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

схе́ма, ‑ы, ж.

1. Спрошчаны чарцёж, які перадае сістэму, пабудову, сувязь частак чаго‑н. На гэтым экране кожны вучань можа пісаць, чарціць схемы, застаючыся за сваёй партай. Шыцік. Для нагляднасці я намаляваў нават схему руху гэтых уяўных паяздоў. Навуменка. Па схеме ўсё правільна, а ўстаноўка не працуе. Мыслівец. // Агульны план пабудовы, арганізацыі, размяшчэння чаго‑н. Каця паабяцала разам са сваімі сябрамі, што працавалі на аэрадроме, скласці схему, дзе падрабязна былі б адзначаны стаянкі самалётаў, запасы боепрыпасаў, памяшканні, дзе жылі лётчыкі. Няхай.

2. Апісанне, зробленае ў агульных рысах, папярэдні накід. Схема п’есы. Схема даклада. □ Штампы і схемы ляжаць і на многіх творах аб калгасным жыцці. «Беларусь».

3. Абстрактны паказ чаго‑н.; агульная формула, палажэнне (у думках, разважаннях). Багата якія важныя пытанні наогул не атрымлівалі адказу, не даследаваліся, таму што не ўкладваліся ў апрыёрныя схемы. «Полымя».

[Грэч. schema — вобраз.]

схематызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад схематызаваць.

схематызава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца), аказацца (аказвацца) схематызаваным.

2. толькі незак. Зал. да схематызаваць.

схематызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Падаць (падаваць)3 апісаць (апісваць), паказаць (паказваць) што‑н. у схематычным адцягнена-спрошчаным выглядзе, у агульных рысах. Скажуць: мы схематызуем вобраз, мы адрываем інтымнае жыццё чалавека ад яго грамадскай сутнасці. Думаем, што такія закіды не маюць пад сабой ніякай падставы. Бярозкін.

схематыза́тар, ‑а, м.

Той, хто схільны да схематызму.

схематыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. схематызаваць.

схематы́зм, ‑у, м.

Спрошчанасць, трафарэтнасць у мысленні, у адлюстраванні чаго‑н. Адышоўшы ад схематызму і плакатнасці, беларуская літаратура выкрывала кулака ўжо не карыкатурна-гратэскна, а ў мнагагранным паказе яго ўнутранага аблічча, яго псіхалогіі. Перкін.

схематы́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць схематычнага. Схематычнасць апісання.

схематы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўяўляецца схемай, нагадвае схему (у 1 знач.). Схематычная зарысоўка кругавароту вады.

2. Паказаны ў агульных рысах, у спрошчаным выглядзе. Даследчык шчасліва пазбягае схематычнага, апрыёрнага падыходу да канкрэтных літаратурных з’яў. Ярош.

схе́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да схемы (у 1 знач.).