Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

схварэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў здароўе, сілы ў выніку шматлікіх хвароб. Пад ліпай на раскладушцы ляжала старая схварэлая кабеціна і трымала перад носам кніжку. Карпюк.

схварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм. Страціць здароўе ад шматлікіх хвароб. Дзядок зусім схварэў за восень.

схваста́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад схвастаць.

схваста́цца, схвошчацца; зак.

Сапсавацца, знішчыцца ад працяглага хвастання. Венік схвошчацца — не злуйся. Палупцуйся розгамі. Пахне лістам, нібы ў лузе Ці ў гаі бярозавым. Барадулін.

схваста́ць, схвашчу, схвошчаш, схвошча; зак.

Разм.

1. што. Сасцёбаць, хвошчучы чым‑н. Схвастаць лісце з куста.

2. каго. Збіць, хвошчучы чым‑н. [Брат] абапёрся аб стол, так і прастаяў. Аказваецца, белапалякі схвасталі розгамі, што не можа сесці. Баранавых. Тоня .. схвастаў ламачынаю свайго каня. Чорны.

3. што. Хвошчучы, знішчыць, сапсаваць што‑н. [Янка:] — Чуць твой пруток не схвастаў. Якімовіч.

схва́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. схватваць — схваціць.

схва́твацца, ‑аецца; незак.

Зал. да схватваць.

схва́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да схваціць.

схва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сутыкненне ў баі, у барацьбе, у бойцы. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі з іх уцалелі. Гурскі. У апошняй схватцы з Анатолем Скуратовічам Міхал, сабраўшы ўсе свае сілы, шпурляе ў чорную багну свайго праціўніка і ворага. Барсток. / Пра барацьбу супрацьлеглых груп, напрамкаў і пад. А ўмацаванне Савецкага Саюза, рост яго сілы азначалі безумоўную перамогу сацыялізма ў адкрытай схватцы з капіталістычным светам. Клімковіч. / Пра барацьбу з сіламі прыроды, стыхійнымі бедствамі, хваробай і пад. У хворага рэзка ўпала сардэчная дзейнасць. Вось тут і пачалася схватка са смерцю, барацьба за жыццё чалавека. «Беларусь». // Разм. Спрэчка, сварка. Схватка характараў. // Спартыўнае спаборніцтва (звычайна па розных відах барацьбы). Моўчкі чакае, хвалюецца цырк — Тужацца дужыя ў схватцы барцы. Чарнушэвіч.

2. звычайна мн. (схва́ткі, ‑так). Сутаргавыя балючыя скарачэнні мышцаў жывата, маткі. Але вось першы раз у жыцці .. [Алена] вымушана гаварыць збялелай ад родавых схватак жанчыне: — Маўчы, Насценька. Шамякін.

схваці́цца, схвачуся, схвацішся, схваціцца; зак.

Тое, што і схапіцца. Бачыла Ганна, бо [вачэй] з Петруся не спускала, як ён схваціўся з польскім паручнікам. Нікановіч.