схва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Сутыкненне ў баі, у барацьбе, у бойцы. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі з іх уцалелі. Гурскі. У апошняй схватцы з Анатолем Скуратовічам Міхал, сабраўшы ўсе свае сілы, шпурляе ў чорную багну свайго праціўніка і ворага. Барсток. / Пра барацьбу супрацьлеглых груп, напрамкаў і пад. А ўмацаванне Савецкага Саюза, рост яго сілы азначалі безумоўную перамогу сацыялізма ў адкрытай схватцы з капіталістычным светам. Клімковіч. / Пра барацьбу з сіламі прыроды, стыхійнымі бедствамі, хваробай і пад. У хворага рэзка ўпала сардэчная дзейнасць. Вось тут і пачалася схватка са смерцю, барацьба за жыццё чалавека. «Беларусь». // Разм. Спрэчка, сварка. Схватка характараў. // Спартыўнае спаборніцтва (звычайна па розных відах барацьбы). Моўчкі чакае, хвалюецца цырк — Тужацца дужыя ў схватцы барцы. Чарнушэвіч.
2. звычайна мн. (схва́ткі, ‑так). Сутаргавыя балючыя скарачэнні мышцаў жывата, маткі. Але вось першы раз у жыцці .. [Алена] вымушана гаварыць збялелай ад родавых схватак жанчыне: — Маўчы, Насценька. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)