схі́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак.
Разм.
1. Не трапіць у цэль, прамахнуцца. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага. Гэты не схібіць. Караткевіч. А я ўсё-такі не ведаў, ці насмерць забіў таго гада. А мо толькі параніў? Вельмі ж хваляваўся, рука магла схібіць. Сабаленка. [Лапецька:] — Паляванне — спорт для маладых і дужых. Дык не,.. [дзядзька Ціхон] яшчэ поўзае, пнецца давесці, што яго вока не схібіць. Паслядовіч.
2. перан. Зрабіць промах; памыліцца. [Зайчык] насцярожыўся, падрыхтаваўся, каб не схібіць, не пралічыцца. Мележ. У свядомасці цюкнула думка, што схібіць цяпер нельга інакш яны абодва загінуць. Быкаў.
схі́зма, ‑ы, ж.
Раскол, раздзел цэркваў (пераважна пра раздзел царквы праваслаўнай і каталіцкай).
[Ад грэч. schisma.]
схізма́тык, ‑а, м.
Той, хто належыць да схізмы; раскольнік.
схізматы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да схізматык.
схіл, ‑у, м.
1. Нахіленая паверхня чаго‑н.; пакаты спуск. Схіл узвышша. Схіл даху. □ Па крутых схілах рова калісьці рос каржакаваты альшэўнік. Асіпенка. На гару ўзышоў Андрэй пясчанай дарожкай праз малады густы сасоннік, які вырас на схілах за час вайны. Пестрак.
2. перан. Канец. Прыгадаем паэтычны малюнак схілу лета, стылістыка якога вызначаецца вобразнасцю, істотна ўдаленай ад стыхіі чыста сялянскага жыцця, светабачання. Навуменка. З нарады аграном дамоў На схіле дня вяртаўся. Прануза. Гадоў, што скронь мне пабялілі, Жыцця, што йдзе на схіл сягоння, Мне зор гарачых не зацьмілі Туманы, ўзнікшыя на ўлонні. Буйло.
•••
На схіле дзён (гадоў, год) — у старасці, пры набліжэнні старасці.
схі́лавы, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца на схіле (у 1 знач.). Схілавыя землі.
схілапаказа́льнік, ‑а, м.
Дарожны знак, які ўстанаўліваецца на чыгуначных і шасэйных дарогах для ўказання на пад’ём ці спуск.
схіле́нне, ‑я, н.
1. Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. схіляць — схіліць і схіляцца — схіліцца.
2. У астраноміі — адна з нябесных каардынат.
•••
Магнітнае схіленне — вугал паміж магнітным і геаграфічным мерыдыянамі ў пэўным пункце зямной паверхні.
схі́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад схіліць.
2. у знач. прым. Які схіліўся, нахіліўся. За шэрым схіленым парканам Скрыпіць пясок сырых дарог. Танк. На схіленай вершаліне хвоі красавалася старадаўняе буслава гняздо. Колас.
схілі́цца, схілюся, схілішся, схіліцца; зак.
1. Нахіліцца, нагнуцца. Над Нёманам схіліліся рабіны. Грахоўскі. З дзесятак галоў Схілілася ўміг над паперай. Танк. Чырвонажалобныя сцягі Схіліліся ў горы. Глебка. // на што. Апусціўшы, прыхіліць да чаго‑н., пакласці на што‑н.; апусціцца на што‑н. Засне сяло... Нідзе нікога... Не спіцца ўвечар аднаму, — Каня сядлаеш варанога, На грыву схілішся яму Ды мчышся віхрам на дарогу. Трус. // перан. Пакарыцца каму‑, чаму‑н.; падпарадкавацца каму‑, чаму‑н. [Сонца:] — Прыгрэю я — і твой мароз міне, а прыпяку — слядоў яго не стане! Павінен ты схіліцца да зямлі перада мной, маёй бязмежнай сілай! Дубоўка. Сам [Каўпак] ад іх [хлопцаў] прысягу Прымае пад сцягам: Кожны хай клянецца Нідзе не схіліцца, Покуль сэрца б’ецца, За Радзіму біцца. Зарыцкі. Ішлі ка мне то сцежкай, то гасцінцам бацькі і дзеці, сёстры і браты — усе, хто не схіліўся прад чужынцам, хто ў прысаку застаўся... Федзюковіч. // перан. Прызнаць чый‑н. аўтарытэт, зведаць пачуццё павагі да чаго‑н. Схіліцца перад веліччу ленінскіх ідэй.
2. Узяць кірунак, павярнуць да якіх‑н. межаў (часавых або прасторавых). Ужо і дзень схіліўся к вечару. Чорны. Сонца толькі-толькі схілілася з самага зеніту і пячэ неміласэрна. С. Александровіч. Месяц схіліўся за лес, і на крутых паваротах дарогі было цёмна. Мяжэвіч. // Пра гутарку, разважанне. Гаворка схілілася да хвалюючай тэмы.
3. Аддаць перавагу якой‑н. думцы, перакананню і пад. — Бясконца адступаць не будзем, некалі трэба прарывацца з блакады, — да такой думкі схілілася большасць камандзіраў. Новікаў.
4. перан. Паддаўшыся ўгаворам, згадзіцца на што‑н. З-пад Нарачы рыбацкія хваляванні пашырыліся на ўсю азёрную частку Заходняй Беларусі .. Буржуазны друк, напалоханы размахам падзей, заклікаў урад прымірыцца .. Урад схіліўся на шлях кампрамісаў. У. Калеснік.