схе́ма, ‑ы, ж.
1. Спрошчаны чарцёж, які перадае сістэму, пабудову, сувязь частак чаго‑н. На гэтым экране кожны вучань можа пісаць, чарціць схемы, застаючыся за сваёй партай. Шыцік. Для нагляднасці я намаляваў нават схему руху гэтых уяўных паяздоў. Навуменка. Па схеме ўсё правільна, а ўстаноўка не працуе. Мыслівец. // Агульны план пабудовы, арганізацыі, размяшчэння чаго‑н. Каця паабяцала разам са сваімі сябрамі, што працавалі на аэрадроме, скласці схему, дзе падрабязна былі б адзначаны стаянкі самалётаў, запасы боепрыпасаў, памяшканні, дзе жылі лётчыкі. Няхай.
2. Апісанне, зробленае ў агульных рысах, папярэдні накід. Схема п’есы. Схема даклада. □ Штампы і схемы ляжаць і на многіх творах аб калгасным жыцці. «Беларусь».
3. Абстрактны паказ чаго‑н.; агульная формула, палажэнне (у думках, разважаннях). Багата якія важныя пытанні наогул не атрымлівалі адказу, не даследаваліся, таму што не ўкладваліся ў апрыёрныя схемы. «Полымя».
[Грэч. schema — вобраз.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)