ме́са, ‑ы, ж.
1. Тое, што і імша. Біскуп сам служыць прыехаў месу. Танк.
2. Музычны харавы твор на тэкст каталіцкага набажэнства, звычайна ў суправаджэнні арганаў ці аркестра. Меса Ліста.
[Фр. messe.]
ме́сіва, ‑а, н.
Разм.
1. Густая або вадкаватая маса, ліпкая сумесь з чаго‑н. У круглай яме топчацца двое коней, месячы гліну. Усё ідзе ў гэта месіва — і салома з.. стрэх, і пацяруха ўсякая, і кастрыца... Брыль. // Глыбокая ліпкая гразь на дарозе. А дарога — месіва веснавой гразі, якая ўжо не замярзала і ўначы. Мікуліч.
2. Тое, што і мешаніна (у 1 знач.). У празрыстай лёгкай сіняве загойдалася чорнае месіва — дым з пылам. Кухараў.
месі́я, ‑і, м.
Кніжн. У іудзейскай і хрысціянскай рэлігіі — пасланец бога, які павінен прыйсці на зямлю і выратаваць род чалавечы ад зла і пакут.
[Ад стараж.-яўр. mašī'ah — памазанік.]
месіяні́зм, ‑у, м.
Кніжн.
1. У некаторых рэлігіях — містычнае вучэнне аб прыходзе на зямлю пасланца бога для выратавання роду чалавечага.
2. Рэакцыйнае шавіністычнае вучэнне аб збавіцельнай ролі якога‑н. народа ў лёсе ўсяго чалавецтва.
[Фр. messianisme.]
месія́нскі, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які мае адносіны да месіянства, да месіі.
месія́нства, н.
Кніжн. Тое, што і месіянізм.
ме́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да месніцтва.
ме́сніцтва, ‑а, н.
1. Гіст. У Маскоўскай Русі 15–17 стст. — парадак замяшчэння дзяржаўных пасад баярамі ў залежнасці ад знатнасці роду, а не ад асабістых заслуг.
2. перан. Абарона вузкамесніцкіх інтарэсаў. — Прабачце, але ў вашых развагах ёсць крыху месніцтва. Шахавец.
ме́сны,
У выразе: месны склон гл. склон.
ме́ста, ‑а, М месце, н.
1. Уст. Горад.
2. Абл. Рыначная плошча. [Слуцк] меў тое месца, якое было асяродкам эканамічнага і гандлёвага жыцця акругі — рыначную плошчу па самай сярэдзіне. Гэта была даволі вялікая, .. выбрукаваная плошча і звалася ў нас местам. Скрыган.