межава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для межавання.
межава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. межаваць і межавацца.
межава́цца, мяжуюся, мяжуешся, мяжуецца; незак.
1. з чым і без дап. Мець агульную мяжу, быць сумежным. Мяжуюцца сенажаці суседзяў. Сталовы пакой мяжуецца з кухняй. □ Жыта межавалася з бульбаю, ячмень з грэчкаю і пры аўсе ліпела палоска льну. Чорны. // перан.; з чым. Быць блізкім да чаго‑н. Даверлівасць .. да знаёмых і таварышаў межавалася з дзіцячай непасрэднасцю і наіўнасцю. Хведаровіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з чым. Перамяжоўвацца, чаргавацца. Любіць [янот] вялікія пералескі, якія мяжуюцца з паплавамі. В. Вольскі. [Слабодкі] забудоўваюцца без плана.. Даўжэзныя баракі мяжуюцца з наспех збітымі хацінамі і зямлянкамі. Жычка.
3. Зал. да межаваць (у 2 знач.).
межава́ць, мяжую, мяжуеш, мяжуе; незак.
1. Разм. Тое, што і межавацца (у 1, 2 знач.). Той куток Беларусі, дзе я нарадзіўся, межаваў некалі па Дзвіне з Заходняй Беларуссю, якая ў той час была акупіравана Панскай Польшчай. Хадкевіч. Для чалавека любой эпохі падарожжа ў космас будзе рамантыкай, якая мяжуе з летуценнем. Шыцік. Мяжуе гора з добрай радасцю... Панчанка.
2. што. Вызначаць межы ўчасткаў пры падзеле зямлі.
межаві́к, ‑а, м.
Разм. Спецыяліст па межаванню; землямер.
межавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які ўстанаўлівае, абазначае мяжу паміж чым‑н. Межавы знак. Межавы капец. □ Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі і межавыя слупы. Чорны. // Такі, у якім вызначаны межы, граніцы якіх‑н. зямельных ўчасткаў. Межавыя кнігі.
2. Які мае адносіны да межавання, прызначаны для межавання. Межавая інструкцыя. Межавы ланцуг.
3. у знач. наз. межавы́, ‑ога, м. Спецыяліст па межаванню; межавік.
ме́жанны, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы межані. Межанны ўзровень ракі.
ме́жань, ‑і, ж.
Доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады ў рацэ.
межыто́ка, ‑і, ДМ ‑тоны, ж.
Абл. Мокрая дарога паміж двума азёрамі ці балотамі; дарога, якая злучае два возеры ці балоты. Алесь перайшоў уброд межытоку і заглыбіўся ў лес. Караткевіч.