Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мех 1, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прадмет дамашняга ўжытку для захоўвання і перавозкі сыпучых цел, дробных рэчаў і пад., зроблены з полкі, складзенай папалам і сшытай з двух бакоў, або з дзвюх роўных полак, сшытых з трох бакоў. Палатняны мех. Радняны мех. Сшыць мех. □ Дзяўчаты ледзь упраўляліся адносіць поўныя мяхі і падвешваць парожнія. Шамякін. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спіной. Ракітны.

2. Разм. Мера для чаго‑н. сыпкага, роўная 3–5 пудам. Пазычыць мех мукі. Зарабіць пяць мяхоў бульбы.

•••

Біцца за пусты мех гл. біцца.

мех 2, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прыстасаванне для нагнятання паветра (ужываецца ў кавальскай, шкляной вытворчасці, а таксама для прывядзення ў дзеянне некаторых музычных інструментаў). Кузня ў вёсцы маленькая, нават меха няма, каб раздзьмуць вуголле. Навуменка. Гарманіст .. ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч.

2. У фатаграфіі — святлонепранікальная частка фатаграфічнай камеры, падобная на гармонік.

мехава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мехаватага.

мехава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі шырокі, падобны на мяшок. Мехаватае паліто.

2. перан. Нязграбны, непаваротлівы.

механа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «механізм», «механічны», напрыклад: механаапрацоўчы, механазборачны.

механазбо́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зборкі механізмаў. Механазборачны цэх.

механазбо́ршчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца зборкай механізмаў.

механатэрапі́я, ‑і, ж.

Метад лячэння хворых механічнымі дзеяннямі — масажам, фізічнымі практыкаваннямі на спецыяльных апаратах.

механізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад механізаваць.

2. у знач. прым. Аснашчаны машынамі. Механізаваная калона. Механізаваная кармакухня. □ Цяпер усе нашы саюзныя рэспублікі маюць высокаразвітую прамысловасць і буйную механізаваную сельскую гаспадарку. Касыгін.

механізава́цца, ‑зуецца.

1. зак. і незак. Зрабіцца (рабіцца) механізаваным.

2. толькі незак. Зал. да механізаваць.

механізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Аснасціць (аснашчаць) машынамі, механізмамі; перавесці (пераводзіць) на механічную энергію. Механізаваць малочную ферму. // Замяніць (заменьваць) ручную працу работай механізмаў і машын. [Лявончык:] — Каб механізаваць уборку, трэба і ачысціць сенажаць, і — галоўнае — асушыць яе. Шахавец.