ке́пачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кепкі. Кепачная матэрыя.
ке́пі, нескл., н.
1. Род фуражкі з невялікім цвёрдым донцам і прамым казырком (у французскай і рускай арміях і ў гімназістаў Расіі ў 19 ст.).
2. Тое, што і кепка. Чалавек у кепі павольна перастаўляў ногі. Галавач.
[Фр. képi.]
ке́пікі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Насміханне, кпіны. Шмат было і такіх, для каго гэты кубак кавы і лустачка хлеба былі адзіным падмацаваннем. З такіх звычайна кпілі панскія і купецкія дзеці. Пра гэтыя іх кепікі найбольш балюча і злосна думаў Данік. Брыль.
•••
Строіць кепікі гл. строіць.
ке́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Мужчынскі мяккі галаўны ўбор з казырком без аколышка. Чырвоныя хустачкі дзяўчат мяшаліся з хлапцоўскімі шапкамі розных гатункаў, пачынаючы гарадскімі кепкамі і канчаючы самадзельнымі саламянымі брылямі. Колас.
ке́пска,
1. Прысл. да кепскі.
2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, дрэннае самаадчуванне. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе, — Кепска цяпер! Багдановіч. // Пра нястачу, недахоп чаго‑н. — Як вы з дры[ва]мі, дзядзька Малах? — Малах ажыўляецца: — Кепска, браточак мой даражэнькі! Лічаныя паленцы ўжо асталіся. Зарэцкі.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі душэўны або фізічны стан. Дзяўчынаньцы кепска стала — стала плакаць ды ўздыхаць. З нар.
•••
Кепска кончыць гл. кончыць.
ке́пскі, ‑ая, ‑ае.
Не такі, як трэба, якога хацелася б; дрэнны. Кепскі настрой. □ Надвор’е кепскае — туманна, хмарна. Зарыцкі. / у знач. наз. ке́пскае, ‑ага, н. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае. Бядуля.