Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

буса́к, ‑а, м.

Доўгі шост з металічным вастрыём і крукам на канцы; багор. Плытнік, стоячы ў галаве плыта, заганяў у калоду бусак і моцна трымаў, налёгшы на яго ўсім целам. Колас. Відаць было, як людзі расцягвалі бусакамі бярвенне агнём ахопленых хат. Гурскі.

буса́чнік, ‑а, м.

Суднавы рабочы, які карыстаецца бусаком; вясляр, што кіруе бусаком, калі лодка адплывае або прычальвае да прыстані, берага; багоршчык.

буса́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бусака. Бусачны шост.

бу́сел, ‑ела; мн. буслы, ‑оў; м.

1. Вялікая пералётная птушка з доўгай прамой чырвонай дзюбай і высокімі чырвонымі нагамі. Па балоце, высока падымаючы чырвоныя ногі, хадзіў, шукаючы жаб, бусел. Васілевіч.

2. Разм. Высокая бутэлька гарэлкі. Тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.

бу́сельнік, ‑у, м.

Травяністая лугавая расліна сямейства гераневых з перыстым лісцем і чырванаватымі кветачкамі ў парасонанадобных суквеццях.

бу́слаў, ‑ава.

Які належыць буслу. Буслава дзюба. □ На схіленай вершаліне хвоі красавалася старадаўняе буслава гняздо. Колас.

буслі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бусла; належыць буслу. Бусліны клёкат. Буслінае гняздо.

буслі́ха, ‑і, ДМ ‑лісе, ж.

Самка бусла. Хутка на дапамогу буслу прыляцела бусліха. Пальчэўскі.

буслянё,

гл. бусляня.

бусля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Буслава гняздо. Амаль на кожным хляве ці на хаце — буслянка. Бусляняты, раскрыўшы яшчэ не чырвоныя дзюбы, размерана, бездапаможна хекаюць ад спёкі. Брыль. Толькі зрэдку сям-там пракінецца старое дрэва — ліпа з буслянкаю ці ясакар. Сабаленка.