Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бут, ‑у, М буце, м.

Будаўнічы камень, які ўжываецца для закладкі фундаменту, а таксама асновы сцен будынка.

бу́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да буту; зроблены з буту. Бутавы камень. Бутавы фундамент.

бу́таль, ‑тля, м.

Разм. Тое, што і бутля.

бутаніза́цыя, ‑і, ж.

Фаза развіцця раслін, калі закладваюцца бутоны.

бутанье́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Уст. Кветка або букецік кветак, якія прышпільваюцца да жаночай сукенкі або прасоўваюцца ў пятліцу пінжака ў якасці ўпрыгожання.

[Ад фр. boutonnière.]

бутафо́р, ‑а, м.

Служачы тэатра, адказны за бутафорыю, а таксама майстар, які яе вырабляе. Рабочыя носяць і ўстанаўліваюць на сцэне драўляныя пляцоўкі, бутафоры лепяць з пап’е-машэ розныя архітэктурныя дэталі. Рамановіч.

[Ад іт. buttafuori.]

бутафо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бутафорыі; які з’яўляецца бутафорыяй.

бутафо́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да бутафорыі; нечым нагадвае бутафорыю. У пасажыра было нешта бутафорскае. На дварэ стаяла снежаньская сцюжа, а ён меў на сабе канфедэратку, пашытую са звычайнай... цыраты, якой накрываюць сталы. Карпюк.

2. перан. Несапраўдны, падробны. Бутафорская дзяржава.

бутафо́рыя, ‑і, ж.

1. Прадметы абстаноўкі ў спектаклі (мэбля, зброя, пасуда і інш.), а таксама штучныя прадметы, выстаўленыя на вітрынах магазінаў замест сапраўдных. [Артысты] самі майстравалі ўсю бутафорыю, дапамагалі шыць адзенне, развучвалі песні і танцы. Сяргейчык.

2. перан. Падман, бачнасць, фальш, разлічаныя на знешні эфект. Смешна цяпер Змітраку, што ён тры гады жыў марамі аб ёй, вучыўся лепш за ўсіх толькі дзеля яе, а яна [Іна] аказалася для яго бутафорыяй. Ваданосаў.

бу́тля, ж.

Вялікая бутэлька. Глынскі папрасіў гасцей садзіцца, а сам адамкнуў буфецік і дастаў ёмкую бутлю вішнёвай настойкі. Колас.