Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бу́ла, ‑ы, ж.

Гіст. Папская грамата, папскае пасланне.

[Лац. bulla.]

булава́, ‑ы; мн. булавы, ‑лаў; ж.

1. Гіст. Дубінка з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара або васьмігранніка, якая служыла даўней зброяй; паліца. [Мікола:] — Гэта, брат, тая самая булава, з якой яшчэ асілак Машэка ваяваў з панамі. Брыль.

2. Гіст. Кароткая палка з шарападобным патаўшчэннем на канцы, якая ў казакоў, на Украіне і ў Польшчы служыла знакам вярхоўнай улады. Гетманская булава. □ І сказаў Багдан Хмяльніцкі, Узмахнуўшы булавой: — Слава рускаму народу, Шлях наш з роднаю Масквой. Астрэйка.

3. Гімнастычная прылада, якая мае выгляд бутэлькі з патаўшчэннем на вузкім канцы.

4. перан. Лаянк. Пра някемлівага, неразумнага чалавека. [Сымон:] — Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. Брыль.

булаве́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Патаўшчэнне ў выглядзе шара, мнагагранніка і пад. на верхнім канцы палкі, кійка і пад.

2. Разм. Патаўшчэнне на стрыжні, на ствале; нараст.

була́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. ласк. Кабыла буланай масці. Асядлаўшы буланку, [брыгадзір] паставіў у стрэмя нагу, спрытным рыўком узняўся і лёгка сеў. Брыль.

була́нчык, ‑а, м.

Разм. ласк. Конь буланай масці. Рыгор пачаў выводзіць з стойлаў коней. Міхасю ён падвёў невялікага камлюкаватага буланчыка, самага рахманага ва ўсёй ферме. Якімовіч.

була́ны, ‑ая, ‑ае.

Жаўтаваты, палавы з чорным хвастом і чорнай грываю (пра масць коней). [Бацька:] — А пасецца .. [конь] у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах, і масці ён буланай. Якімовіч. / у знач. наз. була́ны, ‑ага, м. Конь буланай масці. — Гэй, пайшоў, малы-ы! — падбадзёрвае .. [Грамабой] і без таго рухавага буланага. Крапіва.

була́т, ‑а і ‑у, М ‑лаце, м.

1. ‑у. Даўнейшая ўзорыстая высакаякасная сталь для клінкоў.

2. ‑а. Гіст. Клінок (меч, шабля, кінжал) з такой сталі.

була́тны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з булату. Булатны меч.

бу́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак, ж.

1. Памянш. да булка; маленькая булка.

2. Здобная булка з пшанічнай мукі. — А гэта вось дом стаіць, — кажа .. [Люся]. — Вялікі-вялікі! Магазін, дзе прадаецца хлеб. І вулачкі! Брыль.

бу́лачнік, ‑а, м.

1. Уладальнік булачнай або гандляр булкамі.

2. Той, хто выпякае булкі; кандытар.