Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

буф, нескл. прым.

Камічны, забаўны. Тэатр-буф. Опера-буф.

[Фр. bouffe.]

буфана́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Манера акцёрскай ігры або сцэнічнае прадстаўленне з перабольшанымі камічнымі сітуацыямі для павелічэння эфекту. // перан. Недарэчнае, недасціпнае, грубае штукарства.

бу́фер, ‑а, м.

Прыстасаванне ў паравозе, вагоне, аўтамабілі, лафеце і інш. для паслаблення сілы ўдару, штуршка пры сутыкненні. «Кіў-гець!» — скрыганулі вагоны, і поезд здрыгануўся, бразнуў крукамі, грымнуў буферамі. Колас. // перан. Прамежкавае звяно, якое аслабляе сутыкненне варожых бакоў. Дзяржава-буфер.

[Англ. buffer.]

бу́ферны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да буфера. Бразнулі лёгенечка буферныя талеркі вагонаў, прабег па саставу доўгі скрыгатлівы гук. Васілёнак. // перан. Прамежкавы, які знаходзіцца паміж варожымі бакамі; які адыгрывае ролю буфера. Буферная краіна.

буфе́т, ‑а. М ‑феце, м.

1. Шафа для пасуды, сталовай бялізны, закусак, напіткаў. Маці ў фартуху, у касынцы з такой жа вясёленькай крамніны насіла з кухні ў сталовую і ставіла ў буфет варанае і смажанае. Карпаў. Рэчаў у нас было мала: шафа, буфет, стол, два ложкі. Жычка.

2. Стол або стойка для продажу закусак і напіткаў у сталовых, рэстаранах і пад. Ля самага парога абступілі буфет мужчыны, чакалі свежага піва: бочку толькі што адкрылі — буфетчыца завіхалася ля помпы. М. Стральцоў.

3. Разм. Пакой, дзе прадаюцца напіткі і закускі; закусачная. На Валадарскага [Шэмет] зазірнуў у буфет, захацелася ад смагі халоднага піва. Лобан.

[Фр. buffet.]

буфе́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да буфета. Маці прыняла са стала сваю міску і лыжку і ўсё гэта паставіла ў буфетны столік. Кавалёў.

буфе́тчык, ‑а, м.

1. Работнік, які працуе ў буфеце (у 3 знач.).

2. Уст. Гаспадар буфета (у 3 знач.).

буфе́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да буфетчык.

буфо́н, ‑а, м.

Акцёр, які выконвае камічныя ролі ў аперэтках і вадэвілях; блазан, паяц, камедыянт. // Той, хто выступае ў кампаніі ў ролі жартаўніка, штукара.

[Фр. bouffon.]

буфо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да буфона. Буфонная манера ігры.