бугаёвы, ‑ая, ‑ае; ‑ёў, ‑ева.
Які мае адносіны да бугая, належыць яму. Бугаёвы рогі. Бугаёва стойла.
бугаі́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Уласцівы бугаю; такі, як у бугая. Бугаіная шыя. Бугаіная сіла.
буга́й, ‑я, м.
1. Самец буйной рагатай жывёлы; бык. Хутка займеў Мікіта пару коней, ды ажно шэсць штук кароў і свайго бугая. Галавач.
2. Начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Колас.
бугаро́к, ‑рка, м.
1. Памянш. да бугор.
2. У анатоміі — узвышанасць на касці, да якой прымацоўваецца мышца. Лонны бугарок.
бу́гель, ‑я, м.
1. Жалезнае кольца, акоўка, якая служыць для ўмацавання мачтаў, сваяў або для сувязі іх састаўных частак.
2. Частка токапрыёмніка ў трамваі, тралейбусе, электрапоездзе, якая слізгае па кантактным провадзе.
[Гал. beugel.]
бу́гі-ву́гі, нескл., н.
Хуткі парны танец свабоднай кампазіцыі амерыканскага паходжання.
буго́р, ‑гра, м.
Невялікае ўзвышша, узгорачак на паверхні зямлі. Тадора Міронаўна садзілася на бугры за хатай і.. глядзела на лес. Брыль. Салдаты з аўтаматамі плюхаюцца па гразі, выганяюць усіх, і старых, і малых, на сухі бугор у канцы сяла. Кулакоўскі. // Няроўнасць, выпукласць на чым‑н. Твар.. [Рубчэні] быў увесь у маршчынах, нейкіх чорна-сініх парушынах і буграх. Лобан.
бугры́на, ‑ы, ж.
Сухое ўзвышанае месца. Сушылі [калгаснікі] сінюху, зносілі вязкамі, а дзе было можна — ссоўвалі коньмі копы да стажар’яў, на бугрыны, дзе сушэй. Пташнікаў.
бугры́сты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты буграмі. Бугрыстая дарога. Бугрыстае поле. □ Потым ўдарылі маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Дамашэвіч. // Няроўны, з буграмі. Стоячы пры лямпе, якая асвятляла бугрысты, з залысінамі лоб,.. [старшыня валвыканкама] моўчкі перагледзеў некалькі лісткоў. Мележ.
бугры́цца, бугрыцца; незак.
Разм. Узнімацца буграмі. Б’е з-пад нізу вада, нібы крыніца віруе там, ускіпае бурбалкамі, пенай, бугрыцца. Лынькоў.