Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бубаце́ць, ‑ціць; незак.

Разм. Аднастайна стукаць (пра гукі падання кропель дажджу і пад.). Лілася са шланга, пырскала вада, бубацела па лісці кветак. М. Стральцоў.

бу́бен, ‑бна; Р мн. ‑аў; м.

1. Ударны музычны інструмент у выглядзе абцягнутага скурай шырокага абруча з металічнымі бразготкамі. Заціх гармонік, замоўклі бубны. Лынькоў. [Дачка:] — Чуеш, коні па шляху бягуць, Чуеш, як музыкі ў бубны б’юць? Танк.

2. Тое, што і барабан.

•••

Голы як бубен гл. голы.

Даць бубна каму гл. даць.

Як у бубен біць гл. біць.

бу́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Разм. Тое, што і бобка. Стронга дастаў з правай кішэні штаноў нейкую бубку і, кінуўшы яе ў рот, пачаў жаваць. Паслядовіч. У каго бубка бубку давала, а ў яго [Кашкара] што ні гектар — на трыста і больш пудоў ячменю. Гроднеў.

бубна́ч, ‑а, м.

Разм. Тое, што і барабаншчык. Тут ускочыў у хату бубнач і схапіў з-пад паліцы бубен. Чорны.

бубне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бубніць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

бубні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; ‑нім, ‑ніце; незак., што і без дап.

Разм.

1. Біць у бубен; барабаніць. [Юрка:] — Нашто вы бубен дасталі? [Жыгунец:] — Бубніць пайду. Чорны. // Ствараць, утвараць гукі, падобныя да гукаў бубна. Аднастайна, сумотна бубніць дождж у шыбы акон. Шамякін.

2. перан. Гаварыць ціха, незразумела, манатонна. Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, ён меў звычай бубніць і прыгаворваць: «Ці гэта парадак?» Колас. Дастаўшы чыгунок ці якую варэйку, .. [Андрэй Данілавіч] адхопліваў гарачы кружок, заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?» Ракітны. // Назойліва паўтараць адно і тое ж. — Печаны гад! І зямля іх такіх носіць. Усю дарогу мне бубніў, што вайне канец. С. Александровіч.

•••

Бубніць (сабе) пад нос — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

бубо́н, ‑а, м.

Апухлая ў выніку запалення лімфатычная залоза (у пахвіне, пад пахамі).

[Ад грэч. bubon — пахвіна.]

бубо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бубона. Бубонная форма чумы.