Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

баш, нескл.

У выразе: баш на баш — пры мене рэчы на рэч без прыдатку.

[Цюрк. баш — галава.]

башкі́р,

гл. башкіры.

башкі́рка,

гл. башкіры.

башкі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да башкіраў, Башкірыі, належыць башкірам. Башкірская мова.

башкі́ры, ‑раў; адз. башкір, ‑а, м.; башкірка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. башкіркі, ‑рак; ж.

Народ, які складае карэннае насельніцтва Башкірскай АССР.

башлы́к, ‑а, м.

Суконны востраканечны капюшон з доўгімі канцамі, які надзяваецца на шапку. Ад сонца Даніну не цёпла — цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы. Брыль.

[Цюрк.]

башма́к, ‑а, м.

Спец. Асобы від тормаза ў выглядзе клінападобнай калодкі, якая падкладаецца пад колы вагонаў, каб спыніць іх рух. Там вагоны чакае башмачнік: ён спрытным рухам кладзе на рэйку тармазны башмак, і вагоны спыняюцца. Васілёнак. // Розныя прыстасаванні ў жняярках, камбайнах, экскаватарах, што ўжываюцца ў якасці апоры.

башма́чнік, ‑а, м.

Чыгуначнік, спецыяліст па спыненню вагонаў з дапамогай башмакоў. — Гэта агіднасць! Гэта нахабства! — крычаў башмачнік Сцяпан Стукаў. Яму энергічна падтакваў стрэлачнік Пятро Гуляеў. Васілёнак.

башма́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да башмака.

башта́н, ‑а, м.

Абл. Тое, што і бахча. На баштан заедзеш — кавуны во якія ляжаць, як тое сонца, калі ўсходзіць. Шамякін.

[Ад перс. bōštan — сад.]