багабо́рац, ‑рца, м.
Кніжн. Той, хто змагаецца супраць бога і рэлігійных догматаў. Мы — першыя ў свеце Разведчыкі будучыні, Наватары, багаборцы, Шчасця людскога Нястомныя творцы. Танк.
багабо́рніцкі, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Звязаны з барацьбой супраць бога і рэлігіі. Багаборніцкі рух.
багабо́рніцтва, ‑а, н.
Кніжн. Дзейнасць багаборца. // Выяўленне настрою і паводзін багаборцаў.
багаві́нне, ‑я, н.; зб.
Разм. Водарасці. Час ад часу на лёску намотвалася зялёнае багавінне, паплаўкі ападалі на дно; прыходзілася выцягваць вуды. Савіцкі. Даніла адаткнуў калочак з дна каша, высыпаў у торбу рыбу і, выцягваючы з багавіння ногі, стаў выбірацца на сухое. Капыловіч.
багадзе́льня, ‑і, ж.
У дарэвалюцыйны час — прытулак для бяздомных, інвалідаў, непрацаздольных. Хадзіць [бацьку з сынам] давялося доўга... Аглядалі бровар і — здалёк — багадзельню. Караткевіч. // Разм. іран. Пра ўстанову або арганізацыю, дзе дрэнна працуюць.
бага́ж, ‑у, м.
1. Рэчы пасажыра, падрыхтаваныя для перавозкі. // Запакаваныя рэчы, якія бярэ пасажыр з сабою. Ручны багаж. // Пра спосаб адпраўкі рэчаў асобна ад пасажыра. Здаць рэчы ў багаж.
2. перан. Запас ведаў, эрудыцыя. Ідэйны багаж. Творчы багаж. Багаж ведаў.
[Фр. bagage.]
бага́жнік, ‑а, м.
Прыстасаванне ў веласіпедзе, матацыкле, аўтамабілі для перавозкі невялікай паклажы. Хатулёк Галя прымацавала на багажніку веласіпеда. Ермаловіч. Шафёр дастаў з багажніка брызентавае вядро, і салдаты пабеглі ў нізіну, спадзеючыся знайсці там ваду. Сабаленка.
бага́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да багажу (у 1 знач.). Багажная квітанцыя, каса. // Прызначаны для багажу (у 1 знач.). Багажны вагон. Багажнае аддзяленне.
2. у знач. наз. бага́жны, ‑ага, м. Чыгуначны служачы, які прымае і выдае багаж.
багама́з, ‑а, м.
Разм. уст. Іканапісец. Куча народу. У сярэдзіне важна сядзіць багамаз, разлажыўшы сваіх багоў. Колас. // Разм. іран. Пра мастака. Партрэт славутага рускага паэта дзядзька Антось купіў у Нясвіжы гэтай восенню ў нейкага багамаза. С. Александровіч. // Разм. жарт. Пра мурзатага, запэцканага чалавека. [Аляксей:] Ды не, Коля, ну куды я такім багамазам прыпёрся? Проста з цэха, не мыты, не рыты! Губарэвіч.
багамо́л, ‑а, м.
1. Набожны чалавек, які многа моліцца, ходзіць на багамолле. Нягледзячы на ранні час, па абодва бакі вуліцы стаялі на каленях багамолы, злажыўшы перад сабою рукі. Машара.
2. мн. (багамо́лы, ‑аў). Атрад драпежных насякомых паўднёвых краін.
[Назва дадзена па знешняму выгляду, які нагадвае позу чалавека ў час малення.]