бай 1, бая, м.
У дарэвалюцыйны час у Сярэдняй Азіі — буйны землеўладальнік; багач. Ён [Джамбул] калісьці дзяўчыну-красуню кахаў, Тлусты бай яго ластаўку сілай забраў. Панчанка.
бай 2, бая, м.
Разм.
1. Міфічная істота дзіцячага фальклору, якая расказвае байкі, казкі. Бег бай па сцяне ў чырвоным жупане. З нар.
2. Гаварун, пустамеля.
3. Пагалоска, паданне. Ходзіць вецер долам Лёгкаю паходкай І вядзе свой бай. Колас.
байба́к, ‑а, м.
1. Стэпавая жывёліна атрада грызуноў, якая восень і зіму праводзіць у спячцы; стэпавы сурок.
2. перан. Разм. Пра непаваротлівага, гультаяватага чалавека; абібок, гультай. [Максім:] — Я і маці за цябе, байбак, душой пакутуем. Грамовіч.
байбако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да байбака, належыць яму. Байбаковая нара. // Зроблены з футра байбака. Байбаковы каўнер.
байба́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Уласцівы байбаку (у 2 знач.); гультайскі, бестурботны. Байбацкае жыццё.
байба́цтва, ‑а, н.
Разм. Тое, што і гультайства, абібоцтва.
ба́йбус, ‑а, м.
Разм. Пра высакарослага падлетка, які паводзіць сябе не адпаведна свайму ўзросту. — Як жа вам не сорамна? — накідваецца на.. [хлапчукоў] жанчына. — Такія байбусы! Занятку вам няма іншага? Гарбук.
ба́йда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Разм.
1. Рыбацкая, крыху большая за човен, лодка. У ягонай байдзе на атрутна-зялёным ад вады сене сядзелі тры сыны — глядзелі на бацьку, каб ведаць, што рабіць. Караткевіч.
2. Уст. Брус, увагнаны ў грунт; паля.
•••
Байды біць гл. біць.
байда́к, ‑а, м.
Уст. Тып рачных і марскіх промыславых суднаў, звычайна з мачтай. Шырокі Дняпро гойдаў на хвалях сваіх чароды барлін і байдакоў. Шынклер.
байда́н, ‑а, м.
Абл. Пустэча, запушчанае месца; паша. Песня хлопцу сэрца раніць, Ой, расчуліць! Ён жа вырас на байдане Без матулі. А. Александровіч.
[Цюрк.]
байда́ра, ‑ы, ж.
Абцягнутая шкурай промыславая лодка вялікай грузападымальнасці, якой карыстаюцца на Камчатцы і Алеуцкіх астравах. За акіянскім параходам плылі катэры, вельботы і звычайныя байдары, зробленыя з маржовых шкур. Бяганская.