Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бач, ф. заг. ладу ад дзеясл. бачыць.

Разм.

1. Ужываецца, каб звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. — Бач, якімі волатамі ўзнімаецца новае пакаленне! — усклікнуў мой таварыш, і ў яго голасе чуліся гонар і замілаванне. Гарбук. Бач, газетчыкі разносяць Свежыя газеты. А. Александровіч. // у знач. выкл. Выкарыстоўваецца пры выражэнні абурэння, незадавальнення чым‑н., здзіўлення (звычайна ў спалучэнні з словам «ты»). [Гукан Шыковічу:] «Бач, раскрычаўся! Пісьмы яго прымушалі пісаць!.. Перапрацаваўся!..» Шамякін. — Бач ты яго, Алёшку, як прыбраўся... — шапталіся жанчыны, седзячы на лаўках. Дайліда.

2. у знач. пабочн. Бачыш; як бачыш. Я яго, бач, сам сустрэў.

ба́чанне, ‑я, н.

1. Зрокавае ўспрыманне рэчаў навакольнага асяроддзя. Выразнае бачанне прадмета. □ Бачаннем жорава не зловіш. Прыказка. // Здольнасць арганізма ў сонным стане ўяўляць зрокавыя вобразы.

2. Разумовае ўсведамленне, успрыманне навакольнага свету. Свежасць паэтычнага бачання жыцця. □ Бачанне прыгожага і ўтылітарнага ў адзінстве, непарыўнай сувязі мела для эстэтыкі савецкай літаратуры надзвычай вялікае значэнне. Навуменка.

ба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад бачыць.

•••

Дзе гэта бачана (з злучн. «каб» або з інф.) — выражае здзіўленне, незадавальненне чым‑н.

бачко́м, прысл.

Разм.

1. Ісці плячом уперад. Нарэшце прыйшоў Кацура. Бачком улез у дзверы, абтрос мокрую шапку. Асіпенка. // Сядзець напаўпаварота. Андрэй сядзеў на ложку бачком, і акно было ў яго якраз перад вачыма. Пташнікаў.

2. Стараной, туляючыся. Сабраўся Сіпак у камячок .. і бачком-бачком падаўся быў да школьнай дрывотні. Лынькоў.

3. Між іншым, не кранаючы асноўнага. А крытыка пра гэта скажа бачком: вельмі добрая, сакавітая мова, або — нудная, сухая мова. Скрыган.

•••

Ехаць бачком — хітраваць; прыстасоўваючыся да абставін, хітруючы, старацца не трапляць у кепскае становішча.

ба́члівы, ‑ая, ‑ае.

Праніклівы, дапытлівы. — І пэўне з Завітанак сюды хтось завітвае, — жартаўліва ў тон гаспадару прамовіў Лабановіч і кінуў на яго бачлівы погляд. Колас.

ба́чна, у знач. вык.

Відаць; можна разгледзець. Адсюль [з абочыны] было добра бачна ўсё, што адбываецца на полі. Шыцік. / з злучн. «што», «як» і інш. Два.. байцы нехаця палезлі на абрыў; бачна было, як яны прыкметна баяліся. Быкаў. А там бог бацька, бачна будзе, Як што абернецца яно. Колас.

ба́чнасць, ‑і, ж.

1. Магчымасць бачыць; магчымасць бачыць ўдалечыню. Вылучаюцца паласатыя пары пагранічных слупоў.. Направа і налева ад кожнай пары, не выходзячы з межаў бачнасці, віднеецца другая, ад другой — трэцяя і г. д. Брыль.

2. Разм. Знешняе падабенства, якое робіць падманлівае ўражанне. Бачнасць высакародства. □ Жыжка пусціўся на хітрыкі. Ён пачаў з таго,.. як быў утвораны ўвосень гурток па вывучэнню агранома — і пайшоў, і пайшоў, абводзячы пытанне вялікім кругам непатрэбшчыны, ствараючы бачнасць нейкай дужа вялікай працы ў гэтым напрамку. Ермаловіч.

ба́чны, ‑ая, ‑ае.

Даступны зроку. Высока-высока над.. [Максімкам], ледзь бачныя, кружыліся буслы. Гамолка. Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль.

бачо́к 1, ‑чка, м.

1. Памянш. да бак. Пад’ехала кухня. З паходных бачкоў Мы смачна пад’елі тады. Броўка.

2. Пасудзіна для праяўлення фотапласцінак, плёнак.

бачо́к 2, ‑чка, м.

Памянш. да бок. [Марына Архіпаўна:] — Павернецца ён на другі бачок і просіцца: «Мамачка, родная, яшчэ хоць адну мінутачку [паспаць]». Шамякін.

бачу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Маленькая бочка. Набіралі [суседзі] ля калодзежа халодную ваду ў глякі і бачуркі — каб хапіла да вечара. Крапіва.