бас, ‑а; мн. басы, ‑оў; м.
1. Самы нізкі мужчынскі голас. Машына павезла іх у стэп. Калі яна неўзабаве спынілася, густы бас Бурмакова прагучаў па-маладому звонка. — Прыехалі! Шыцік. // Спявак з такім голасам. Праз хвіліну нечакана, выразна і гучна загрымела музыка. Бас пачаў спяваць арыю Сусаніна. Шамякін.
2. Духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра. Аркестравыя балалайкі носяць назвы — прыма, секунда, альт, бас і кантрабас.
3. толькі мн. (басы́, ‑оў). Струны або клавішы музычнага інструмента, якія адзываюцца нізкім гукам. Разняў гармонь танкіст ўдалы Ды як націсне на басы. Колас. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.
[Іт. basso.]
басава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
Тое, што і басіць.
басаві́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць басавітага. [Лабановіч] прыдаў басавітасці свайму голасу, пастукаў яшчэ раз і запытаў: — Церам-церамок. Хто ў цераме жыве? Колас.
басаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Нізкі па гуку, з характэрным для баса тэмбрам. Пры кожным трапным сказе ці выслоўі сам [рэдактар] смяяўся паважным басавітым смехам. Колас. Моцны, басавіты гудок прагучаў над ракой. Краўчанка.
басалы́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лазе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Тое, што і прайдзісвет. [Пятрусь:] — А гэтага Сцяпана Некага тады ніхто з языка не спускаў. Гэта ж такі басалыга, якога свет не бачыў. Гроднеў.
басано́гі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і босы. За рыбакамі, як гракі за аратым, спяшаюцца басаногія хлапчукі. В. Вольскі. / у перан. ужыв. На момант заплюшчваю вочы і бачу сваё басаногае дзяцінства: бачу яго не вачамі, а думкамі. Сабаленка.
басано́ж, прысл.
Босымі нагамі, без абутку. Люблю тыя сцежкі на родным Палессі, Дзе бегала ты па расе басанож. Кірэенка. А як хацелася прайсціся басанож за плугам! Здаецца, акрыяў бы душой, падужэў бы целам. Сачанка. // Разм. Надзеўшы абутак на босыя ногі. — Маўчы ты, назола, — злосна буркнуў Анісім і ўсхапіўся з палацяў, басанож ускочыў у боты, накінуў апашкі кажух і рынуўся з хаты. Сабаленка.
басано́жкі, ‑жак; адз. басаножка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.
Лёгкія летнія адкрытыя туфлі. Ліля.. пачала збягаць па прыступках уніз. Шырокае плацце раздувалася парусам, тонкія абцасікі басаножак гучна цокалі аб каменныя пліты. Асіпенка.
басата́, ‑ы, ДМ ‑це, ж., зб.
Лаянк. Галадранцы, басякі. Лепш не чапаў бы Харытон галадранай басаты. Баранавых. // Разм. груб. Пра хлапчукоў, якія любяць рабіць шкоду. [Дзядзька да Косціка:] — Ты чаго тут тырчыш? Мо ў хату залезці хочаш? А ну марш адсюль, басата... Арабей.
басе́йн, ‑а, м.
1. Штучны вадаём для плавання са сценамі, умацаванымі цэглай, цэментам. Спартыўны басейн.
2. Тэрыторыя мора, возера, ракі разам з сушай, з якой у іх сцякаюць паверхневыя і падземныя воды. Басейн Заходняй Дзвіны. Басейн возера Нарач.
3. Зона залягання каштоўных выкапняў. Данецкі вугальны басейн.
[Фр. bassin.]