бах, выкл.
1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння моцнага адрывістага гуку, выстралу. «Бах! Бабах!» Гэта ўжо стралялі з вінтовак. Хомчанка.
2. у знач. вык. Разм. Адпавядае дзеясловам бахнуць — бахнуцца і бахаць — бахацца. Адзін прыйшоў з ружжом ды — бах! а другі колікам — і капец таму ваўку. З нар.
баха́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і буханка.
ба́ханне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. бахаць — бахнуць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
бахі́лы, ‑лаў; адз. бахіла, ‑ы, ж.
1. Самаробныя глыбокія гумавыя галёшы на валёнкі. Дзядзька Сымон у акулярах сядзеў на нізенькім услончыку пасярэдзіне пакоя і клеіў бахілы. Карпаў.
2. Спецыяльны від скураной адзежы для рыбалавецкіх і лесасплаўных промыслаў.
бахма́ты, ‑ая, ‑ае.
Пышны; разложысты. Тут, пад страхою, быў сенавал і бацька штовосень сюды прывозіў з лугу бахматыя вазы зялёнага, духмянага мурагу. Сачанка. У зацішку паляк лясных Зацвітае бахматы верас. Бураўкін.
ба́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. Ударыцца аб што‑н. Бахнуцца галавой аб вушак.
2. Паваліцца з шумам. Бахнуцца на падлогу.
ба́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
Разм.
1. Утварыць моцны адрывісты гук, выстраліць. Гулка бахнуў драбавік. Броўка. / у безас. ужыв. — Ну і бахнула! — у захапленні ўсклікнуў Мікешка, скаціўшыся з абрыву. Беразняк.
2. З шумам ударыць, стукнуць, кінуць. Бахнуць па галаве. Бахнуць кулаком па стале. Бахнуць шклянку на падлогу.
бахтарма́, ‑ы, ж.
Спец. Спод, адваротны бок выдубленай шкуры.
баху́р, ‑а, м.
Абл. Бутуз; карапуз. [Антон:] — Будзе лета, канікулы, дык зважу вас, бахуроў, пакажу, чаго мы там набудавалі. Місько.