бажаство́, ‑а, н.
Тое, што і бог. // Уст. паэт. Пра чалавека, які выклікае захапленне, з’яўляецца прадметам культу.
бажба́, ‑ы, ж.
Клятва імем бога. Хоць бацька мой таксама кляўся-бажыўся, што качаргі і ў вочы не бачыў, але Райскі не даў яму веры і са школы яго вытурыў — за зладзейства і .. бажбу. Гарэцкі.
бажні́ца, ‑ы, ж.
Уст.
1. Паліца з абразамі. [Заранік:] — Затое бачыў сям-там земляную падлогу, нары замест ложкаў, голыя, з пачарнелай бажніцай у левым куце, сцены. Хадкевіч. За дваццаць год ляжання за бажніцай у бацькоўскай хаце.. паперка гэта парудзела і сцерлася. Васілевіч.
2. Памяшканне для рэлігійных сходаў і малення. Бажніцы, капліцы ўсіх вераў і нацый, Як смецце на свеце, як тухлыя грубы, Змяце дыктатура раскованай працы. Купала.
бажо́к, бажка, м.
1. Памянш. да бог.
2. Статуэтка, якая ўвасабляе бажаство.
3. Разм. іран. Пра чалавека, які выклікае захапленне ў каго‑н. Здаралася, ля дзядзькі аказваўся прыгожы і чысценькі піжончык — гэткі бажок вуліцы..; бажок касавурыўся на дзядзькаў мех і, крывячы рот, усё адсоўваў ад яго свае райскія туфлі і штонікі. Вышынскі.
бажы́цца, бажуся, божышся, божыцца; незак.
Даваць клятву, ужываючы слова «далібог». А Крамнік божыцца, клянецца: — Няхай язык адсохне, — прысягае. Крапіва.
бажэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. бажыцца.