стылізава́цца, ‑зуецца; незак.
Зал. да стылізаваць.
стылізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Надаць (надаваць) чаму‑н. характэрныя прыкметы пэўнага стылю (у 1, 2 знач.). Ф. Багушэвіч надзвычай смела і з непараўнальнай дасканаласцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову расказчыка — селяніна. Шакун. // Перадаць (перадаваць) што‑н. пры дапамозе ўмоўных прыёмаў. Стылізаваць арнамент. // Пераймаючы каго‑н., надаць (надаваць) чаму‑н. пэўны выгляд, форму і пад. Багдановіч ужо ў самой назве падаў характэрныя для нашай старажытнай мовы звароты, прычым зусім няцяжка ўлавіць, пад каго стылізаваў сваё апавяданне паэт. Лойка.
стыліза́тар, ‑а, м.
Той, хто займаецца стылізацыяй (у 1 знач.), выкарыстоўвае ў творчасці прыёмы стылізацыі. Чарадзейную сілу мела Купалава адчуванне народнасці ва ўсёй яе непадманнай, недаступнай стылізатару і капіісту першапачатковай праўдзе і прыгажосці. Бярозкін.
стыліза́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стылізатара, стылізатарства. Стылізатарскія прыёмы. Стылізатарскія здольнасці.
стыліза́тарства, ‑а, н.
Тое, што і стылізацыя (у 1 знач.). Пры гэтым .. [Багдановіч] засцярогся як дыдактычнага асветніцтва ў галіне думкі, так і наіўнага стылізатарства ў галіне формы. М. Стральцоў.
стыліза́цыя, ‑і, ж.
1. Наданне мастацкаму твору характэрных рыс якога‑н. пэўнага стылю; падробна пад той або іншы стыль. Стылізацыя пад беларускія народныя песні. // Выкарыстанне ўмоўных прыёмаў у мастацтве. Арнаментальная стылізацыя. // Аднаўленне каларыту якой‑н. эпохі ў вобразах і стылявых асаблівасцях мастацкага твора. Янка Купала пазбегнуў у сваім перакладзе наўмыснай стылізацыі пад старажытнасць. Палітыка.
2. Твор, якому нададзены характэрныя рысы пэўнага стылю.
стылі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто валодае майстэрствам літаратурнага стылю, майстар стылю. Гогаль быў выдатны стыліст, які цудоўна ведаў рускую мову і валодаў ёю, як сапраўдны майстра. «Полымя».
стылі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да стыліст.
стылі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Вучэнне аб стылях мовы. Лацінская стылістыка. Стылістыка рамантызму.
2. Раздзел тэорыі літаратуры, які вывучае стылі мастацкіх твораў. // Сукупнасць вобразных сродкаў мовы якога‑н. мастацкага твора, пісьменніка, літаратурнай школы і пад. Схільнасць да знешне яркіх .. вобразаў адчуваецца ў самой стылістыцы ранніх твораў К. Чорнага. Адамовіч.
стылісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стылю (у 1, 2 знач.), звязаны з ім. Стылістычныя памылкі. □ Амаль кожная праўка ў рукапісе — вынік карпатлівай работы над словам, сведчанне незвычайна тонкага стылістычнага пачуцця і літаратурнага майстэрства У.І. Леніна. «Полымя». // Які мае адносіны да стылю расказвання. Стылістычныя асаблівасці рамана. □ Варта, аднак, зазначыць, што інверсія гэта не просты стылістычны прыём, а глыбокае творчае пранікненне ў сутнасць арыгінала. Палітыка.
•••
Стылістычная памета гл. памета.