башта́н, ‑а, м.
Абл. Тое, што і бахча. На баштан заедзеш — кавуны во якія ляжаць, як тое сонца, калі ўсходзіць. Шамякін.
[Ад перс. bōštan — сад.]
башыбузу́к, ‑а, м.
1. Гіст. Салдат нерэгулярных войск у Турцыі ў 18–19 стст.
2. перан. Грубы, нястрымны, бязлітасны, жорсткі чалавек. Царскія башыбузукі.
[Цюрк.]
баяві́к, баевіка, м.
1. Член рабочай баявой дружыны ў 1905–1907 гадах. [Астапчык:] — Яго [лектара] заўсёды група нашых маладых баевікоў эскартуе — туды і назад, да самой хаты. Машара.
2. Кінафільм, які карыстаецца асаблівым поспехам.
баяві́тасць, ‑і, ж.
Баявы, наступальны настрой, рашучасць і настойлівасць у дзеяннях. Камсамольская баявітасць. □ Што ж прыцягвае чытача да газеты? Яе баявітасць, змястоўнасць. «Звязда».
баяві́ты, ‑ая, ‑ае.
З баявым, наступальным характарам, рашучы, настойлівы ў дзеяннях. Яшчэ прыгадаў стройную, з капой цёмна-медных .. валасоў, Бэлу, па-гарадскому баявітую і гарэзлівую. Асіпенка. Паэзія Пятра Глебкі была вельмі гуманнай, чалавечнай, інтэрнацыянальнай і баявітай. Бялевіч.
баявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да вайны, звязаны з вядзеннем бою; ваенны. Баявыя аперацыі. Баявы разлік. Баявыя парадкі. Баявая гатоўнасць. Баявая і палітычная падрыхтоўка. Баявыя часці. Баявы вылет. □ Аднекуль з вуліцы данёсся сігнал баявой трывогі. Крапіва. [Чыжык] прызвычаіўся ўжо да баявога жыцця — да атак і кулямётнага агню. Лупсякоў. Сышліся сябры-партызаны Згадаць баявыя гады. Смагаровіч. // Прызначаны для бою, бітвы. Баявы патрон. □ У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі. Колас. Імчыцца сталёвай лавінай Калона машын баявых. Аўрамчык. // Які ўдзельнічаў у баях, праяўлены і здабыты ў баях. Баявы камандзір. Баявы подзвіг. Баявыя заслугі. Баявыя адзнакі. □ Людзей паважалі выключна за іх баявыя якасці. Брыль.
2. Выпрабаваны, загартаваны ў баях, гатовы да барацьбы. Баявыя арганізацыі бальшавікоў. □ Па пытанню аб утварэнні асобых баявых груп я магу сказаць, што лічу іх неабходнымі. Ленін.
3. Рашучы, энергічны, дзейны. [Манковіч:] — У атрадзе звыш сарака камсамольцаў. Гэта наша баявое звяно. Дзенісевіч.
4. перан. Разм. Бойкі, смелы. Звеннявая па ільну — баявая і гаваркая дзяўчына. Шчарбатаў.
5. Асабліва важны для данага моманту, які патрабуе выканання ў першую чаргу. Навукова-тэхнічны прагрэс — баявая задача дня.
•••
Баявая галоўка гл. галоўка.
Баявая спружына гл. спружына.
Баявое хрышчэнне гл. хрышчэнне.
Баявы лісток гл. лісток.
Баявы пост гл. пост.
Баявы статут гл. статут.
баядэ́ра, ‑ы і баядэ́рка, ‑і; Р мн. ‑рак, ж.
Уст. Усходняя танцоўшчыца, якая ўдзельнічала ў рэлігійных цырымоніях, а таксама выступала ў рэстаранах, прыватных дамах і інш.
[Партуг. bailadeira — танцоўшчыца.]
баяздо́льнасць, ‑і, ж.
Гатоўнасць выконваць баявыя дзеянні. Баяздольнасць арміі. □ Час быў вельмі напружаны. Трэба было.. актывізаваць дзейнасць падпольных партыйных арганізацый і іх работу сярод насельніцтва, узмацніць баяздольнасць партызанскіх атрадаў. Казлоў. // Здольнасць вырашаць адказныя задачы. Маркс няспынна падкрэсліваў, што ў ідэйным адзінстве і згуртаванасці пралетарскай партыі заключаецца крыніца яе баяздольнасці. «Звязда».
баяздо́льны, ‑ая, ‑ае.
Прыгодны весці баявыя дзеянні. [Хмара:] — Наступленне.. пачалося. Але пачалося тады, калі вораг у рэальнасць такога наступлення ўжо амаль не верыў і зняў шаснаццаць сваіх самых баяздольных дывізій. Шашкоў. // Здольны вырашаць адказныя задачы.
баязлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць, стан баязлівага. Страх і баязлівасць засвяціліся ў .. [Насціных] вачах. Чорны. І крохкая баязлівасць злёгку кранула Рыгорава пачуццё. Гартны.