Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стушы́ць, стушу, стушыш, стушыць; зак., што.

Разм. Звесці зусім; патушыць. [Макрына] пачала дзьмухаць прытухшыя смалякі — зусім стушыла. Баранавых. // перан. Не даць магчымасці развіцца чаму‑н. Бо там... Дзе ўдар З халоднага пагана У дзікай роспачы Стушыў агонь грудзей, Дзе кроў цякла З глыбокай, свежай раны, — Там кветкі вырастуць, Красы, жыцця, надзей!.. Трус.

стхары́цца, стхаруся, стхорышся, стхорыцца; зак.

Абл. Прытаіцца. Стхарыўся дзядзька ў куточку. Колас.

стывідо́р, ‑а, м.

Асоба, якая ведае пагрузкай і разгрузкай суднаў у замежных портах. // Партовы грузчык.

[Англ. stevedore.]

сты́гма, ‑ы, ж. і стыгма́т, ‑а, М ‑маце, м.

1. У Старажытнай Грэцыі — кляймо на целе раба або злачынца.

2. Дыхальца — адтуліна, якой адкрываюцца на паверхні цела органы дыхання ў членістаногіх жывёлін (насякомых і інш.).

[Грэч. stigma — укол, кляймо, пляма.]

стык, ‑у, м.

1. Месца злучэння, сутыкнення двух канцоў, дзвюх частак чаго‑н. Стык трубаправода. □ Пранёсся на поўнай хуткасці доўгі састаў, цяжка гружаныя вагоны не ляскочуць на стыках, а глуха грукаюць. Навуменка. // Лінія сутыкнення, мяжа. На стыку дзвюх дарог. Стык дзвюх дывізій. □ На стыку пакошы з травой, дзе мы [касцы] пачынаем новую дзялянку, дзяўчаты сустракаюцца з намі. Брыль. На стыку Нёмана і Лошы Цагляны млын стаяў здаўна. Астрэйка.

2. Спец. Тое, што і стыкаванне. Кароткі тэрмін заставаўся да прызначанага дня стыку ўкладак, шмат рабіць трэ’ было яшчэ. Шынклер.

стыкава́нне, ‑я, н.

Спец. Злучэнне, змацаванне двух канцоў, краёў чаго‑н., падведзеных упрытык адзін да другога.

стыкава́цца, ‑куецца; незак.

1. Злучацца ўпрытык; ажыццяўляць стыкоўку аднаго з другім. // перан. Цесна змыкацца, быць блізкімі. Іх погляды стыкуюцца.

2. Зал. да стыкаваць.

стыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Спец. Ажыццяўляць стыкоўку.

сты́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да стыку (у 1 знач.), знаходзіцца на стыку. Стыкавае шво.

2. Спец. Які звязаны са стыкаваннем. Стыкавая зварка.

сты́каны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сты́каць.