Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уступападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд уступа або ўступаў, падобны на ўступ ​1.

уступа́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да уступіцца.

уступа́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да уступаць ​2 (гл. уступіць ​2).

уступа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уступіць ​1 (у 1–4 знач.).

уступа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уступіць ​2.

усту́пісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З уступамі. Уступісты бераг.

уступі́цца, уступлюся, уступішся, уступіцца; зак.

Заступіцца за каго‑, што‑н., узяць пад сваю ахову. Сказала.. [Ганна] крыўднае слова Аляксею, а за Аляксея ўступілася яго жонка. Чорны. — Спрыту яму пазычаць не трэба, — уступіўся за сына Яўсей. Сабаленка. — Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці, якая сядзела на палку каля малых дзяцей. Пальчэўскі.

уступі́ць 1, уступлю, уступіш, уступіць; зак.

1. Стаць членам якой‑н. арганізацыі, таварыства. Уступіць у прафсаюз. Уступіць у кааператыў. □ Калі пачалася калектывізацыя, бацька мой і іншыя малазямельныя аднавяскоўцы першымі ўступілі ў калгас. Кулакоўскі.

2. Пачаць якое‑н. дзеянне, прыняць удзел у чым‑н. Уступіць у спрэчку. Уступіць у перагаворы. □ Праціўнік пад вечар з яшчэ большай ярасцю кінуўся ў атаку. У бой уступілі свежыя часці. Гурскі. Першымі ў барацьбу ўступілі лыжнікі. «Звязда». // Перайсці ў які‑н. стан, перыяд развіцця. Уступіць у шлюб. □ Прамінула наша маладосць, І мы ўступілі ў сталыя гады. Глебка. З самага пачатку 1860‑х гадоў Расія ўступіла ў новы перыяд вызваленчага руху. Ларчанка.

3. Увайсці, уехаць куды‑н. Як толькі Чырвоная Армія ўступіла ў горад, Банда з польскім войскам пайшла далей на Захад. Карпюк.

4. Стаць нагой у што‑н. Уступіць у лужыну. □ [Ларыса] хуценька пацягнула кароценькі чырвоны сарафанчык, уступіла ў сандалікі і, грукнуўшы дзвярыма, выбегла з хаты. Арабей.

5. Ступіць, наступіць на каго‑, што‑н. Уступіць на нагу.

•••

Уступіць у (свае) правы — праявіцца ў поўную меру, сілу.

Уступіць у сілу — стаць законным.

Уступіць у строй — пачаць дзейнічаць.

уступі́ць 2, уступлю, уступіш, уступіць; зак.

1. каго-што. Добраахвотна адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. на карысць іншай асобы. Міхал уступіў асірацелым пляменнікам Сёмку і Марце сваю хату і перабраўся жыць да зяця. С. Александровіч. Бабуля ўступіла.. [Ніне] свой ложак каля печы, а сама курчыцца на лаве за сталом. Брыль. // (пераважна з адмоўем «не»). Паступіцца чым‑н. Хто — каго, хто здасца першы? Але ніхто не хацеў уступіць пяршынства. Шамякін.

2. каму-чаму і без дап. Пайсці на ўступкі, згадзіцца з чым‑н., перастаць супраціўляцца. Уступіць просьбам. □ Характар у [дзяўчыны] памяркоўны, ураўнаважаны. Такая, дзе трэба за сябе пастаяць — пастаіць, а дзе трэба ўступіць — уступіць. Пальчэўскі.

3. каму-чаму. Не вытрымаць параўнання ў якіх‑н. адносінах, аказацца горшым за каго‑, што‑н. [Яўген:] — Наш Лявон Махавік кажа, што драніца нават не ўступіць гонтам. Баранавых.

4. каго-што. Прадаць каму‑н. дзешавей назначанай цаны. Уступіць тавар за паўцаны. □ [Гаспадыня:] — Дзвесце рублёў, шаноўная. Але як такой студэнтачцы — за паўтараста ўступлю. Грамовіч. // Згадзіцца збавіць частку цаны пры продажы. Бялову нарэшце надакучыла «чытаць мараль», паспешліва падышоў і стаў поплеч, любуючыся жарабком. — За дванаццаць тысяч, каб яму добра ікнулася. Стары друг, а ні капейкі не ўступіў. Шамякін.

•••

Уступіць дарогу каму — тое, што і даць дарогу каму (гл. даць).

Уступіць месца чаму — змяніцца, замяніцца чым‑н. Дарога ўсё падымалася ўгару. Парослая травой, яна ніяк адразу ўступіла месца пясчаным россыпам, якія не паспеў нават схапіць трыліснік. Асіпенка. Толькі ў сярэдзіне красавіка зіма ўступіла сваё месца вясне. Сіняўскі.

усту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. уступіць ​2 (у 1, 2 знач.).

2. Паслабленне, скідка ў сувязі з якімі‑н. абставінамі. Зрабіць уступку традыцыі. □ Бязлітасная хвароба зрабіла .. [К. Чорнаму] скупую ўступку. Ненадоўга адтэрмінавала трагічную развязку. Вітка.

3. Скідка з назначанай цаны. Прадаць з уступкай.

уступле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. уступаць ​1 — уступіць ​1 (у 1–3 знач.).

усту́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уступіць ​2 (у 1, 2 і 4 знач.).

усту́пны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўступа ​1. Уступная выемка. // Які мае від уступа, размешчаны ў выглядзе ўступа ​1. Калоны рухаліся ва ўступным парадку.

усту́пны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ўступам ​2 да чаго‑н.; пачатковы. Уступнае слова. Уступная частка ўрока. □ Уступная прамова містэра Дэвіда была кароткая, строга афіцыйная. Гамолка.

2. Звязаны з паступленнем, абумоўлены паступленнем куды‑н. Уступны экзамен. □ Грошы ішлі ў касу рознымі шляхамі. Былі членскія ўзносы, якія акуратна запісваліся ў вялікія гросбухі і рэгістраваліся ў адпаведных інстанцыях. Акрамя членскіх узносаў, былі яшчэ аднаразовыя, уступныя. Лынькоў.