схлу́плівацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца.
Незак. да схлупіцца.
схлусі́ць, схлушу, схлусіш, схлусіць; зак.
Сказаць няпраўду, салгаць. Схлусіць .. [Максім] не здолее, і праўду сказаць таксама цяжка і непрыемна. Шамякін. [Вольга:] — Я нават баюся распытваць .. [Сцяпана], бо ён што-небудзь мармытне ці схлусіць, скажа зусім не тое, што думае. Савіцкі.
схлы́нуць, ‑не; зак.
1. Сцячы з сілаю; хлынуўшы, збегчы (пра ваду). Снег .. неяк увачавідкі растаў і схлынуў патокамі ў рэчкі і вадаёмы. Сабаленка. Андрыян Цітавіч думаў аб тым, як неўзабаве канал будзе закончаны і па ім схлынуць спрадвечныя гнілыя воды балота. Марціновіч. // перан. Адначасова пайсці аднекуль (пра вялікую масу людзей). Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Як схлынуць турысты, прыеду я ў вёску Хатынь У надвечар чысты — пад неба гарачую стынь. Гаўрусёў. // перан. Хутка, адразу знікнуць, аслабнуць (пра стан, пачуццё). Калі першая ўзрушанасць схлынула, хлопцы сталі распытваць Міколу. Навуменка.
2. Хутка прайсці. Перад дажджом крымская прырода страціла фарбы .. Але схлынуў лівень, выбліснула сонца, і вочы зноў захапляе бясконцая, невымерная, невымоўная сінеча. Лужанін. // перан. Мінуцца, скончыцца. Назаўтра, як толькі схлынула навала тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч сам пайшоў у сектар адводу зямель. Карпаў. Крыху пацішэла, першая хваля гаворкі схлынула, узбуджэнне паступова спала. Хадкевіч.
схмурне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Хмурны, пануры. Заселі ўпяцёх. — Сам папросішся ў нас ты... Ды Фенька сеў воддаль, схмурнелы, віхрасты. Арочка.
2. Пахмурны; змрочны (пра неба, надвор’е і пад.). Мільгнула — і няма — Схмурнелых хмар чародка. Барадулін.
схмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць хмурным, панурым. Валерка супакоіўся і маўчаў. Маўчаў, схмурнеў і Сцяпан. Пташнікаў. А яна [дзяўчына]: то ўсміхнецца, То схмурнее на хвілінку, То навокал азірнецца. Ставер.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наморшчыцца, выяўляючы суровасць, задумлівасць і пад. На сакратаровым твары збегліся зморшчыны, і радасны звычайны твар неяк схмурнеў. Мікуліч. [Валера] напалохаў мяне. Бровы схмурнелі, чырвоныя плямы на твары. Савіцкі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Стаць пахмурным, змрочным (пра неба, пагоду і пад.). Неба схмурнела. / у безас. ужыв. К канцу дня схмурнела, раптам захаладала. Чорны.
схо́ва, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і схоў. [Жора:] — Дай шафёрскія правы Мне, Іван, на схову. Прыходзька. Як нежывы, праляжаў Грыша ў сваёй схове ўвесь дзень. Кірэенка. Народ хлынуў убок, у жыта, шукаючы ратунку. Але якая гэта была схова: зверху ўсё было відаць, як на далоні. Гурскі.
•••
Пад сховай (‑аю) чаго — тое, што і пад сховам чаго (гл. схоў). Мне не было ніколі ў галаве. Што буду я, Закінуты ў Палессе .. Тайком паўзці Пад сховаю начы. Астрэйка.
схо́ванка, ‑і. ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Толькі зрэдку перабягаў з падворку ў падворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшай схованкі ад мух. Колас. [Максім] дакажа гэтаму Луцкевічу, што не ўсе, як ён, палохаюцца арышту і шукаюць схованкі за чужой спінай. Машара. [Мікола:] — Трэба выручыць адных хлопцаў. Зараз яны ў лесе хаваюцца. Але якая там цяпер схованка. Новікаў.
2. Якое‑н. таемнае месца, збудаванне і пад. для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Добрую схованку зрабіў тут Бязвухі, — яма абкладзена дзёрнам, з усіх бакоў закрыта высокай травой. Жычка. Змрокам з дзённай схованкі вылазіў Віктар і пры газоўцы з бацькам сядзеў да поўначы. Лобан. Мы зрабілі патайную схованку ў гумне і схавалі там трохі збожжа і бульбы на вясну. Якімовіч. // Разм. Пра ўмоўленае месца для хавання чаго‑н., якое вядома толькі некаторым. Каб не заплакаць, хутка ўзяла [Люда] ў .. [бацькі] грошы, замкнула сені, палажыла ў схованку ключ і сказала, дарэмна хочучы ўсміхнуцца: — Ну, я пайшла. Брыль.
3. толькі мн. (схо́ванкі, ‑нак); перан. Тое, што недаступна іншым; запаветны бок чаго‑н.; сховы. Гэта толькі чалавечая памяць заўжды знойдзе ў патаёмных схованках самыя далёкія ўспаміны, ажывіць іх, прымусіць сэрца хвалявацца, стукаць узбуджана. Савіцкі.
схо́вань, ‑і, ж.
Разм.
1. Хаванне, захоўванне чаго‑н.; схоў. Халуста за сховань крадзенага трапіў усё-такі ў турму. Чарнышэвіч. [Уладыслаў:] — Татусь, вось гэты спіс раздадзенай у сховань маёмасці аддайце арандатару. Чорны.
2. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., дзе можна знайсці прыстанішча. Кукуруза месцамі як лес, высокая і густая, часам рэдкая і невялікая. Але ўсюды сховань добрая. С. Александровіч.
3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. А ў мяне сховань тут ёсць у дубе .. — не стрымаўся, каб не пахваліцца хлапчук. Сачанка.
4. перан. Пра што‑н., дзе з’асяроджваецца, збіраецца што‑н. Чалавечая памяць — цудоўная сховань. Сіпакоў.
схо́вішча, ‑а, н.
1. Памяшканне для захоўвання, зберагання чаго‑н. Гэта ямы — сховішчы бульбы на зіму. Тут ніколі нішто не расло. Пташнікаў. [Будка] проста служыць сховішчам для рознага пуцейскага інструменту. Навуменка. // Асобае памяшканне ў архіве, бібліятэцы, музеі для захоўвання рукапісаў, рэдкіх кніг, калекцый і пад.; гэтыя ўстановы як цэнтр сабраных каштоўнасцей. Частку Рыма займае Ватыкан, на тэрыторыі якога ў палацы з тысячы пакояў месціцца багаты музей, вялікае сховішча рэдкіх рукапісаў, карцінная галерэя. Мележ. [Павел] папрасіў бібліятэкарку не заносіць у сховішча падшыўкі. Шыцік.
2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Лес вабіў да сябе, абяцаючы прытулак, сховішча і бяспеку. Новікаў. Тут, у непралазных гушчарах, знаходзяць сабе сховішча самыя лютыя і шкодныя драпежнікі. Краўчанка.
3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н.; схованка. Якую цёплую спагаду адчула Міхаліна, узяўшы на дрывотні .. [лётчыка] за руку, каб у цемені правесці ў патаемнае сховішча. Пальчэўскі. Дзед Андрэй зрабіў для палітрука надзейнае сховішча. Федасеенка. А кроках у дваццаці было сховішча зброі. Гурскі.
4. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, збудаванне для ўкрыцця ад снарадаў, бомб, атрутных рэчываў і пад. У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча — такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе. Шамякін.