схо́ванка, ‑і. ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Толькі зрэдку перабягаў з падворку ў падворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшай схованкі ад мух. Колас. [Максім] дакажа гэтаму Луцкевічу, што не ўсе, як ён, палохаюцца арышту і шукаюць схованкі за чужой спінай. Машара. [Мікола:] — Трэба выручыць адных хлопцаў. Зараз яны ў лесе хаваюцца. Але якая там цяпер схованка. Новікаў.

2. Якое‑н. таемнае месца, збудаванне і пад. для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Добрую схованку зрабіў тут Бязвухі, — яма абкладзена дзёрнам, з усіх бакоў закрыта высокай травой. Жычка. Змрокам з дзённай схованкі вылазіў Віктар і пры газоўцы з бацькам сядзеў да поўначы. Лобан. Мы зрабілі патайную схованку ў гумне і схавалі там трохі збожжа і бульбы на вясну. Якімовіч. // Разм. Пра ўмоўленае месца для хавання чаго‑н., якое вядома толькі некаторым. Каб не заплакаць, хутка ўзяла [Люда] ў .. [бацькі] грошы, замкнула сені, палажыла ў схованку ключ і сказала, дарэмна хочучы ўсміхнуцца: — Ну, я пайшла. Брыль.

3. толькі мн. (схо́ванкі, ‑нак); перан. Тое, што недаступна іншым; запаветны бок чаго‑н.; сховы. Гэта толькі чалавечая памяць заўжды знойдзе ў патаёмных схованках самыя далёкія ўспаміны, ажывіць іх, прымусіць сэрца хвалявацца, стукаць узбуджана. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)