мярцві́ць, ‑влю, ‑віш, ‑віць; незак., каго-што.
1. Пазбаўляць жыцця, губіць.
2. перан. Разм. Рабіць пустынным, змярцвелым. У яўрэйскім канцы вуліцы было яшчэ цішэй. Субота мярцвіла ўсе праявы будзённага жыцця. Гартны.
мярцвя́к, мерцвяка, м.
Мёртвы чалавек; нябожчык.
мярцвя́чына, ‑ы, ж.
1. Трупы жывёл. [Алесь:] — Наш Міхась казаў, што ракі мярцвячыну ядуць. Ваданосаў.
2. перан. Разм. Разумовы, духоўны застой; заняпад, інертнасць.
мярэ́жа, ‑ы, ж.
1. Сетка для лоўлі рыбы, нацягнутая на абручы.
2. Тое, што сваім выглядам нагадвае сетку. Пацямнела. Белая была толькі дарога. У лесе на снег апала густая шэрая мярэжа. Пташнікаў. Насустрач беглі дрэвы, заштрыхаваныя мярэжай дажджу. Мележ.
мярэ́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад мярэжыць.
2. у знач. прым. Вышыты мярэжкай, з мярэжкай. Мярэжаная манішка. Мярэжаная сурвэта.
мярэ́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Вышыўка на тым месцы, дзе з тканіны выцягнуты ніткі.
мярэ́жкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мярэжкі. Мярэжкавая вышыўка.
мярэ́жысты, ‑ая, ‑ае.
Такі, як мярэжка, узорысты.
мярэ́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.
Рабіць мярэжку, аздабляць мярэжкай.
мя́са, ‑а, н.
1. Туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак, прыгодная для ежы; ежа, прыгатаваная з часткі тушы. Мяса з касцямі. Курынае мяса. Варанае мяса. □ — Наш, калгас можа даць не менш як сто пяцьдзесят цэнтнераў мяса і па восемсот малака на кожныя сто гектараў, — гаварыў дакладчык. Дуброўскі. Яніна засцілае абрус, дастае з шуфляды хлеб, талерку мяса, дзве чаркі і ставіць усё на стол. Козел. // Мяккая мышачная частка цела рыб.
2. Бытавая назва мышцы. Мурза насела на карак мядзведзя і ўгрызлася зубамі глыбока ў яго мяса. Бядуля.
3. Разм. Мяккая частка пладоў, ягад; мякаць.
•••
Белае мяса — курынае мяса або цяляціна.
Дзікае мяса — балючая нарасць на ранах, якія доўга не гояцца.
Воўчае мяса — выказ нездаволенасці канём.
Выдраць (вырваць) з мясам гл. выдраць.
Гарматнае мяса — пра людзей, якіх насільна пасылаюць на смерць у час захопніцкай вайны.
Ні рыба ні мяса гл. рыба.