ле́свіца, ‑ы, ж.
1. Збудаванне ў выглядзе раду ступенек для пад’ёму і спуску. Каменная лесвіца. Вінтавая лесвіца. □ Адразу за дзвярыма вузкая лесвіца з драўлянымі слізкімі парэнчамі. Галавач. Экскурсанты з шумам і жартамі падымаліся па лесвіцы. Краўчанка.
2. Пераноснае прыстасаванне для пад’ёму і спуску; драбіны (у 1 знач.). Адзін баец пайшоў у пуню, другі на дрывотню, а Свідзерскі па лесвіцы, прыстаўленай да зашчытка, палез на гарышча. Хомчанка. [Валодзя] перавёў позірк на Стася, які ўжо сядзеў на маленькай стаячай лесвіцы, накшталт тых, што бываюць у бібліятэках. Шамякін.
3. перан. Паслядоўнае размяшчэнне па ўзыходзячай лініі, ад ніжэйшага да вышэйшага (якіх‑н. прадметаў, асоб, чыноў і пад.). Іерархічная лесвіца. Класіфікацыйная лесвіца.
ле́свічка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да лесвіца; малая лесвіца. Васіль Цімафеевіч павольна абышоў машыну, падняўся па лесвічцы ў кабіну. Мележ. Нецярпліва дачакалася [Лёдзя], пакуль к самалёту падкацілі лёгкую лесвічку з поручнямі і адчыніўся люк. Карпаў.
ле́свічны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лесвіцы. Лесвічная пляцоўка. Лесвічныя ступенькі.
•••
Лесвічная клетка гл. клетка.
лесірава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лесіраваць.
лесірава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да лесіраваць.
лесірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
Спец. Нанесці (наносіць) тонкі слой празрыстай фарбы на сухія месцы карціны для ўзмацнення ці відазмянення тону.
[Ад ням. lasieren.]
лесіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Спец.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лесіраваць.
2. Тонкі слой, мазок празрыстай фарбы на карціне.
ле́скі, ‑сак; адз. няма.
Тое, што і драбіны (у 1 знач.). Вялічка ўбег у сенцы двухпавярховага мураванага дома, убачыў вузенькія прыстаўныя лескі і.. узлез на гару. Чорны.
леснікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Разм. Займацца леснікоўствам, служыць лесніком. [Сяргей:] — Пятру твайму гадоў восем было, калі бацька кінуў леснікаваць. Шамякін.
лесніко́ў, ‑ова.
Які належыць лесніку. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас.