Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кольцападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд кальца. Кольцападобная мышца. Кольцападобная форма.

ко́льчаты, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з кольцаў. Кольчаты ланцуг.

2. Як састаўная частка батанічных і заалагічных назваў. Кольчаты шаўкапрад. Кольчаты чарвяк.

ко́лючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад калоць ​1.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Такі, якім можна ўкалоць, пракалоць што‑н. Колючая зброя. // Які стварае адчуванне ўколу (уколаў). Колючы боль.

3. Дзеепрысл. незак. ад калоць ​1.

ко́люшка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Дробная касцістая рыба з калючкамі на спіне і брушку замест плаўнікоў.

ко́ляды,

гл. каляды.

ком, ‑а; мн. камы, ‑оў; м.

Круглаваты, звычайна зацвярдзелы кавалак якога‑н. мяккага, рыхлага рэчыва. Ком цеста. Ком зямлі. □ Татам мы дапамагалі, Мы ў радочкі цэглу клалі, З гліны клеілі камы. Кірэенка. // Пра што‑н. скамечанае, скручанае. Ком паперы. □ Дана ўзяла посцілку, кажух, падушку, згарнула ўсё ў вялізны ком. Асіпенка.

•••

Ком у горле; ком падкаціўся (падступіў) да горла — пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.

Першы блін комам — тое, што і першы блін камяком (гл. блін).

ко́ма 1, ‑ы, ж.

Цяжкі хваравіты стан, які характарызуецца стратай прытомнасці і рэзкім парушэннем кровазвароту, дыхання, працэсу абмену.

[Ад грэч. kōma — глыбокі сон.]

ко́ма 2, ‑ы, ж.

Невялікі (меншы за 1/8 тона) інтэрвал паміж двума гукамі.

[Ад грэч. kómma — адрэзак.]

ко́мі, нескл.

1. Народ, які складае карэннае насельніцтва Комі АССР.

2. у знач. нязм. прым. Які належыць гэтаму народу. Комі Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Комі культура.

коміваяжо́р, ‑а, м.

Раз’язны гандлёвы агент фірмы ў капіталістычных краінах, які заключае гандлёвыя пагадненні і мае пры сабе ўзоры тавару, прэйскуранты, каталогі і пад.

[Фр. commis voyageur.]

коміваяжо́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да коміваяжора, належыць яму. Коміваяжорскія абавязкі.