ато́л, ‑а, м.
Каралавы востраў, які мае форму суцэльнага ці разарванага кольца.
[Англ. atoll з мальдыўскага atolu.]
ато́пкі, ‑аў; адз. атопак, ‑пка, м.
Старыя зношаныя чаравікі, боты і пад. Старыя атопкі з растапыранымі ўгору халявамі то крыху макрэлі ад расы, то прысыпаліся ўчарашнім пылам. Кулакоўскі. На.. [хлопцу] была чорная касаваротка з белымі, як на гармоніку, гузікамі, на босых нагах — атопкі ад старых валёнак. Грахоўскі.
ато́снік, ‑а, м.
Драўляны або жалезны падцяжнік, які надзяваецца на вось і за які прымацоўваецца атоса.
ато́сы, атос; адз. атоса, ‑ы, ж.
Драцяныя або з жалезных прутоў, рэменю і інш. цяжы ў возе. Антось агледзеў тут прылады, Калёсам добра даў «памады»,.. А напамадзіўшы калёсы, Паправіў вітыя атосы. Колас.
атра́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Часовае ці пастаяннае аб’яднанне ўзброеных сіл. Партызанскі атрад. Дэсантны атрад. Атрад тарпедных катэраў. // Група людзей, арганізаваная для выканання якога‑н. задання. Санітарны атрад. Атрад па барацьбе са шкоднікамі палёў.
2. Частка якога‑н. вялікага калектыву, аб’яднаная адзінай прафесіяй, задачамі, імкненнямі. Настаўнікі — адзін з самых буйных атрадаў савецкай інтэлігенцыі. Камуністычная партыя — перадавы атрад працоўных.
3. У піянерскай арганізацыі — падраздзяленне піянерскай дружыны, якое аб’ядноўвае звычайна піянераў аднаго класа.
4. Спец. Падраздзел класа ў сістэматыцы жывёл. Атрад грызуноў. Атрад матылёў.
атра́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да атрада (у 1, 2, 3 знач.). Атрадны збор. Атрадны важаты. Атрадныя заняткі. Атрадны доктар. □ Адгрымела блакада, і ў атрадным баявым жыцці настаў.. момант зацішша. Брыль. У групе коннікаў быў памочнік камандзіра атрада, атрадны пісар і яшчэ сёй-той з партызанскага начальства. Янкоўскі.
атракцыён, ‑а, м.
1. Эфектны нумар цыркавой або эстраднай праграмы.
2. звычайна мн. (атракцыёны, ‑аў). Назва забаў у парках, на святочных гуляннях (каруселі, гушкалкі і інш.).
[Фр. attraction.]
атра́мант, ‑у, М ‑нце, м.
Уст. Тое, што і чарніла.
атрапа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад атрапаць.
атрапа́цца, атраплюся, атрэплешся, атрэплецца; зак.
Тое, што і абтрапацца (у 1 знач.).