ато́есніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Кніжн. Прызнаць тоесным з чым‑н.
ато́жылак, ‑лка, м.
1. Малады парастак расліны. Каранёвы атожылак. Вішнёвыя атожылкі. □ Дрэвы так раскупчасціліся атожылкамі і шырокімі лапушнымі лістамі, што цяжка было знізу разглядзець, што робіцца на верхавіне. Вітка. А недзе ў шафе — пахавальны ліст — Яе ўдаўства мандат бестэрміновы... І зноў з пупышкі выбухае ліст — Атожылак вясновае абновы. Макаль.
2. Адгалінаванне руданоснай жылы.
3. перан. Нашчадак, патомак. Сыны ўзмужнелі, унукі падраслі — Атожылкі няскоранай дубровы. Жычка.
ато́л, ‑а, м.
Каралавы востраў, які мае форму суцэльнага ці разарванага кольца.
[Англ. atoll з мальдыўскага atolu.]
ато́пкі, ‑аў; адз. атопак, ‑пка, м.
Старыя зношаныя чаравікі, боты і пад. Старыя атопкі з растапыранымі ўгору халявамі то крыху макрэлі ад расы, то прысыпаліся ўчарашнім пылам. Кулакоўскі. На.. [хлопцу] была чорная касаваротка з белымі, як на гармоніку, гузікамі, на босых нагах — атопкі ад старых валёнак. Грахоўскі.
ато́снік, ‑а, м.
Драўляны або жалезны падцяжнік, які надзяваецца на вось і за які прымацоўваецца атоса.
ато́сы, атос; адз. атоса, ‑ы, ж.
Драцяныя або з жалезных прутоў, рэменю і інш. цяжы ў возе. Антось агледзеў тут прылады, Калёсам добра даў «памады»,.. А напамадзіўшы калёсы, Паправіў вітыя атосы. Колас.