Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сту́дня, ‑і, ж.

Калодзеж. Ідучы вуліцаю, Глушкевіч убачыў, як насустрач яму ад студні набліжалася рослая жанчына з суднамі вады. Дуброўскі. Аня бачыла, як .. [салдат] выйшаў на двор, выцягнуў вады са студні, стаў заліваць у машыну. Мележ.

студы́ец, ‑дыйца, м.

Вучань студыі (у 2 знач.). Шматлікія дыспуты, гарачыя спрэчкі, прагляды і абмеркаванні розных спектакляў, выставак і карцінных галерэй і музеяў — усё гэта павышала культурны і прафесіянальны ўзровень студыйцаў. «Беларусь».

студы́йка, ‑і, ДМ ‑дыйцы; Р мн. ‑дыек; ж.

Разм. Жан. да студыец.

студы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да студыі (у 2 знач.). Студыйны спектакль.

сту́дыя, ‑і, ж.

1. Майстэрня мастака або скульптара.

2. Школа для падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў, артыстаў, дзе вучэбныя заняткі спалучаюцца з творчай практыкай. Студыя выяўленчага мастацтва. Оперная студыя. □ [Пісьмы Саковіча] памаглі мне прайсці ўвесь нялёгкі шлях вучобы ў студыі і закончыць яе на выдатна. Рамановіч. // Творчы калектыў артыстаў, мастакоў пэўнага мастацкага напрамку.

3. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, з якога вядуцца радыё- і тэлеперадачы або ў якім праводзяцца здымкі кінафільмаў. Студыя дакументальных фільмаў. □ У цэнтры так званай малой студыі, дзе размешчана розная апаратура, ёсць невялікая пляцоўка, адкуль выступаюць дыктары. «Маладосць».

[Іт. studio.]

студэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Навучэнец вышэйшай навучальнай установы.

[Ад лац. studens, studentis — які старанна працуе, займаецца.]

студэ́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да студэнт.

студэ́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да студэнта, студэнцтва. Студэнцкі гурток. Студэнцкі білет. □ Сцяпан .. скончыў першы курс будаўнічага інстытута і праводзіў дома свае першыя студэнцкія канікулы. Корбан.

студэ́нцтва, ‑а, н.

1. зб. Студэнты. Прадстаўнікі студэнцтва будуць цяпер з большай актыўнасцю ўдзельнічаць і ў пасяджэннях вучонага і метадычнага саветаў. «Маладосць».

2. Перыяд вучобы ў вышэйшай навучальнай установе. Прамільгнулі ў памяці [Хадкевіча] гады студэнцтва. Васілевіч.

сту́жачны,

гл. істужачны.