Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стрэ́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сустрэчны. Дзядзька збіўся з ног, шукаючы на калгасным жарэбчыку хлопца: злётаў на паром, быў на станцыі, перачытаў усіх стрэчных... Сачанка.

стрэ́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Абл. Тое, што і стрыечны. [Гаруе:] — Я ж ужо тады гаварыў вам, як гаварыў, што ведаю пра вас з ліста вашай стрэчнай сястры Галены. Чорны.

стрэ́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Памянш.-ласк. да страха. Стары хлявец без падваротні, Гумно са стрэшкай пасівелай, Абросшай мохам, абапрэлай, Прыгрэбнік, хата — ўсё дачыста Казала ясна, галасіста Аб непарадку, запусценні. Колас.

2. Невялікая страха. [Дзед:] — Я ж учора тупаў каля гэтага вулля. Думаў адчыніць нават стрэшку, праверыць, ці няма там якіх навін. Якімовіч.

3. Навес (у калодзежы і пад.). Блізка ад вуліцы проці першага ганка стаяла студня са стрэшкай, зробленай з новых, жоўтых, пагабляваных сасновых цалёвак. Пташнікаў. А гаспадыні ўжо поркаліся на летняй кухні, пад стрэшкай. Шамякін.

сту́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад студзіць.

сту́дзень 1, ‑я, м.

Першы месяц каляндарнага года. А ў студзені — на белым полі Наўкруг чысцюткія снягі... Даруй, зямля, што я ніколі Аддаць не здолею даўгі. Матэвушаў. — Халадэча! У студзені мароз быў невялікі, а ў лютым з першых дзён раз’юшыўся... М. Ткачоў.

сту́дзень 2, ‑ю, м.

Разм. Тое, што і студзіна, квашаніна. Вылі на стале таксама масла, пульхныя дамашнія пірагі, талерка студзеню, пакрытага белым тлушчам. Гаўрылкін.

сту́дзеньскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да студзеня ​1, уласцівы яму. Студзеньскі мароз. □ Да першай сустрэчы з Людай Толя многае перажыў... Зрэшты, не падыходзяць гэтыя словы, мала іх, каб перадаць тое, што адбылося ў Толевай душы дзесяць гадоў таму назад, студзеньскай ноччу ў сорак трэцім. Брыль.

сту́дзіна, ‑ы, ж.

Абл. Квашаніна. — Ага. — Бадзягін кіўнуў галавой, седзячы над талеркай са студзінай. Федасеенка.

студзі́цца, студзіцца; незак.

1. Астуджвацца, ахалоджвацца. Яшчэ ноччу затурыў [Езуп] усе бутэлькі ў возера і спусціў у ваду. Няхай студзяцца. Броўка.

2. Зал. да студзіць.

студзі́ць, студжу, студзіш, студзіць; незак., што.

1. Рабіць халодным, дзьмучы на гарачую страву. Усе пафукваюць ды студзяць І верашчаку тую вудзяць І толькі чаўкаюць губамі Ды зрэдку скрыгаюць зубамі. Колас. Драбок снедае. Есць ён па-старамоднаму: кусае хлеба, жуе, чэрпае лыжкай поліўку, але да рота лыжку адразу не падносіць, а кладзе на лусту хлеба і зацята студзіць. Навуменка. // Дзьмуць, фукаць на больку. [Дзядзька Мікалай] нізка нагнуўся і пачаў студзіць рану. Ставер.

2. Халадзіць, марозіць. Холад студзіць ногі, падбіраецца да спіны. Асіпенка. Раса апала. Ядраная, празрыстая, яна толькі дзе-нідзе холадна паблісквала ў лапушыстых лісцях малачаю ды студзіла, мачыла ногі ў густых зарасніках алешніку і крушыны. Сачанка. // Астуджваць, выпускаючы цяпло. [Вулька:] — Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. Лынькоў. // перан. Прыводзіць да стану здранцвення. А непадалёку ад школы .. [Шпак] убачыў на тоўстых суках ліпы двух павешаных дзядоў, якіх фашысты палічылі партызанамі і цяпер цешыліся сваёй перамогай. Усё гэта адразу зразумеў Шпак, і ўсё гэта цяпер студзіла ў яго жылах кроў. Ваданосаў.

студзяне́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца студзяністым.

студзяні́сты, ‑ая, ‑ае.

Падобны на студзень ​2, жэле. Студзяністае рэчыва.